1. Молім вас, браты, за прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, за нашу сустрэчу зь Ім, 2. не сьпяшацца пахіснуцца ў розуме і бянтэжыцца ні ад духа, ні ад слова, ні ад пасланьня, нібыта намі (пасланага), быццам ужо настаў дзень Хрыстовы. 3. Хай не ашукае вас ніхто ніяк: бо дзень той ня прыйдзе, пакуль ня прыйдзе раней адступленьне і не адкрыецца чалавек грэху, сын пагібелі, 4. які супрацівіцца і выстаўляецца вышэй за ўсё, што называецца Богам ці сьвятыняю, так што ў храме Божым сядзе ён, як Бог, выдаючы сябе за Бога. 5. Ці ж не памятаеце, як я, яшчэ калі быў у вас, казаў вам пра гэта? 6. І цяпер вы ведаеце, што не дазваляе адкрыцца яму ў сваім часе. 7. Бо таямніца беззаконьня ўжо ў дзеяньні; толькі ня зьдзейсьніцца да таго часу, пакуль ня будзе ўзяты з асяродзьдзя той, хто трымае цяпер, - 8. і тады адкрыецца беззаконьнік, якога Гасподзь Ісус заб’е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прышэсьця Свайго, 9. таго, прышэсьце якога, пасьля дзеяньня сатаны, будзе з усякаю сілаю і азнакамі і цудамі фальшывымі, 10. і з усякім няправедным ашуканствам тых, якія гінуць за тое, што яны не прынялі любові ісьціны дзеля свайго збавеньня. 11. І за гэта пашле ім Бог дзеяньне аблуды, так што яны будуць верыць хлусьні, 12. хай будуць асуджаны ўсе тыя, што ня верылі ісьціне, а ўпадабалі няпраўду.
Евангельле паводле Лукаша 12.48-59
48. а які ня ведаў і зрабіў вартае пакараньня, біты будзе меней. І ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і спатрабуецца; і каму шмат даверана, з таго болей зышчуць. 49. Агонь прыйшоў Я зьвесьці на зямлю, і як хацеў бы, каб ён ужо загарэўся! 50. Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца; і як Я ўбольваюся, пакуль тое зьдзейсьніцца! 51. Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? не, кажу вам, а разьдзяленьне; 52. бо ад сёньня пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца: трое супроць двух, а двое супроць трох; 53. бацька будзе супроць сына, і сын супроць бацькі; маці супроць дачкі, і дачка супроць маці; сьвякроў супроць нявесткі сваёй, і нявестка супроць сьвякрові сваёй. 54. Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, што падымаецца з захаду, адразу кажаце: дождж будзе; і бывае так; 55. і калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: сьпёка будзе; і бывае. 56. Крывадушнікі! аблічча зямлі і неба апазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяце? 57. Чаму ж вы і па саміх сабе не мяркуеце, што быць павінна? 58. Калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальства, дык па дарозе пастарайся вызваліцца ад яго, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе кату, а кат ня кінуў цябе ў цямніцу. 59. маўляю табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі і апошняга гроша.