Памер шрыфту
Чытаньне за 30 лістапада 2012:


2-е пасланьне да Цімафея 1.1-2, 8-18

1. Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, па абяцаньні жыцьця ў Хрысьце Ісусе,
2. Цімафею, любаснаму сыну: мілата, міласэрнасьць, мір ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
[...]
8. Дык не саромейся сьведчаньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, ні мяне, вязьня Ягонага; а пакутуй з Дабравесьцем (Хрыстовым) сілаю Бога,
9. Які выратаваў нас і паклікаў званьнем сьвятым, не за дзеі нашыя, а паводле Свайго волевыяўленьня і мілаты, дадзенай нам у Хрысьце Ісусе раней адвечных часоў,
10. якая адкрылася цяпер зьяўленьнем Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які разбурыў сьмерць і явіў жыцьцё нятленнае праз Дабравесьце,
11. прапаведаваць якое я пастаўлены і апосталам і настаўнікам язычнікаў.
12. З гэтай прычыны я і пакутую так; але не саромеюся. Бо я ведаю, у Каго ўвераваў, і ўпэўнены, што Ён мае сілу захаваць заруку маю на той дзень.
13. Трымайся ўзору здаровага вучэньня, якое ты чуў ад мяне, зь вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.
14. Захоўвай добрую заруку Духам Сьвятым, Які жыве ў нас.
15. Ты ведаеш, што ўсе Асійцы пакінулі мяне; сярод іх і Фігел і Ермаген.
16. Няхай дасьць Гасподзь міласьць дому Анісіфора за тое, што ён колькі разоў прымаў мяне і не саромеўся кайданоў маіх,
17. а, як быў у Рыме, зь вялікім стараньнем шукаў мяне і знайшоў.
18. Няхай дасьць яму Гасподзь здабыць міласьць у Госпада ў той дзень; а колькі ён служыў (мне) ў Эфэсе, ты лепей ведаеш.

Евангельле паводле Лукаша 20.19-26

19. І намышлялі тым часам першасьвятары і кніжнікі, каб накласьці на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.
20. І сочачы за Ім, падаслалі падступных людзей, якія прыкінуўшыся пабожнымі, падлавілі б Яго на якім-небудзь слове, каб перадаць Яго начальству і ўладзе правіцеля.
21. І яны спыталіся ў Яго: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзіва гаворыш і вучыш, і не зважаеш на аблічча, а праўдзіва шляху Божаму вучыш;
22. ці дазваляецца нам даваць падатак кесару, ці не?
23. А Ён, разгадаўшы злахітрасьць іхную, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?
24. пакажэце Мне дынар: чыя на ім выява і надпіс? Яны адказвалі: кесаравыя.
25. Ён ім сказаў: дык аддайце кесару кесаравае, а Божае Богу.
26. І не маглі падлавіць Яго ў слове перад людзьмі і, зьдзівіўшыся з адказу Ягонага, замоўклі.