16. Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці, 17. каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны. 1. Дык, заклінаю цябе перад Богам і Госпадам (нашым) Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у прышэсьце Ягонае і Царстве Ягоным: 2. прапаведуй слова, настаўляй у час і ня ў час, выкрывай, забараняй, умаўляй доўга з поўнай цярплівасьцю і настаўленьнем. 3. Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху; 4. і ад ісьціны адвернуць вушы і прыгорнуцца да баек.
Евангельле паводле Лукаша 19.45-48
45. І ўвайшоўшы ў храм, пачаў выганяць тых, што прадавалі ў ім, і тых, што куплялі, 46. кажучы ім: напісана: «дом Мой ёсьць дом малітвы: а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў». 47. І вучыў кожны дзень у храме. А першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу намышлялі загубіць Яго, 48. і не знаходзілі, што б зрабіць зь Ім, бо ўвесь народ неадступна слухаў Яго.