Памер шрыфту
Чытаньне за 22 сьнежня 2019:


Евангельле паводле Лукаша 24.36-53

36. Калі яны казалі пра гэта, Сам Ісус стаў сярод іх і сказаў ім: мір вам.
37. Яны, сумеўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа;
38. але Ён сказаў ім: што бянтэжыцеся, і навошта такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
39. Паглядзеце на рукі Мае і на ногі Мае; гэта - Я сам; дакранецеся да Мяне і разгледзьце; бо дух ня мае плоці і касьцей, як бачыце ў Мяне.
40. І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.
41. А калі яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзіваваліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?
42. Яны падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.
43. І ўзяўшы, еў перад імі.
44. І сказаў ім: вось тое, пра што Я вам казаў, яшчэ калі быў з вамі, што належыць спраўдзіцца ўсяму, напісанаму пра Мяне ў законе Майсеевым і ў прароках і ў псальмах.
45. Тады адчыніў ім розум на ўразуменьне Пісаньняў
46. і сказаў ім: так напісана, і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць зь мёртвых на трэйці дзень,
47. і абвешчаным быць у імя Ягонае пакаяньню і дараваньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы зь Ерусаліма;
48. а вы сьведкі гэтага;
49. і я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не прасякнецеся сілаю згары.
50. І вывеў іх вонкі з горада да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.
51. І калі дабраславіў іх, пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба.
52. Яны пакланіліся яму і вярнуліся ў Ерусалім зь вялікаю радасьцю,
53. і былі заўсёды ў храме, славячы і дабраслаўляючы Бога. Амін.

Пасланьне да Габрэяў 11.9-10, 17-23, 32-40

9. Вераю жыў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, і жыў у намётах зь Ісаакам і Якавам, супольнымі спадкаемцамі таго самага абяцаньня;
10. бо ён чакаў горада, які мае аснову, дойлід і будаўнік якога Бог.
[...]
17. Вераю Абрагам, будучы спакушаны, прынёс у ахвяру Ісаака і, маючы абяцаньне, прынёс адзінароднага,
18. пра якога было сказана: «у Ісааку табе семя»;
19. бо ён думаў, што Бог моцны і зь мёртвых уваскрэсіць, таму і атрымае яго са сьмерці.
20. Вераю ў будучыню Ісаак дабраславіў Якава і Ісава.
21. Вераю Якаў, паміраючы, дабраславіў кожнага сына Язэпавага і пакланіўся, абапершыся на жазло сваё.
22. Вераю Язэп пры сконе нагадаў пра выхад сыноў Ізраілевых, наказаў пра косьці свае.
23. Вераю Майсей пасьля нараджэньня тры месяцы хаваны быў бацькамі сваімі; бо бачылі яны, што дзіця цудоўнае, і не спалохаліся царскага загаду.
[...]
32. І што яшчэ скажу? Ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, пра Варака, пра Самсона і Яфая, пра Давіда, Самуіла і (іншых) прарокаў,
33. якія вераю перамагалі царствы, тварылі праўду, атрымлівалі абяцаньні, замыкалі пашчы львам,
34. тушылі сілу вагню, пазьбягалі вострага меча, мацаваліся ад немачы, былі моцныя на вайне, праганялі кагорты чужынцаў;
35. жонкі атрымлівалі нябожчыкаў сваіх уваскрэслымі; а іншыя замучаны былі, ня прыняўшы вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрэсеньне;
36. іншыя перанесьлі зьдзекі і пабоі, а таксама кайданы і цямніцу.
37. Былі пабіваныя камянямі, пілаваныя, катаваныя, паміралі ад меча, блукалі ў авечых і казіных скурах, цярпелі нястачы, уціскі, азлабленьне;
38. тыя, каго ўвесь сьвет ня быў варты, блукалі па пустынях і горах, па пячорах і цясьнінах зямных.
39. І ўсе гэтыя, засьведчаныя ў веры, не атрымалі абяцанага,
40. таму што Бог прадугледзеў нам нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасягнулі дасканаласьці.

Евангельле паводле Мацьвея 1.1-25

1. Кніга роду Ісуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага.
2. Абрагам спарадзіў Ісака, Ісак спарадзіў Якава, Якаў спарадзіў Юду і братоў ягоных;
3. Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Тамары; Фарэс спарадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама;
4. Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона;
5. Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз спарадзіў Авіда ад Руты; Авід спарадзіў Ясея;
6. Ясей спарадзіў Давіда цара; Давід цар спарадзіў Саламона ад былой жонкі Урыевай;
7. Саламон спарадзіў Раваама; Раваам спарадзіў Авію; Авія спарадзіў Асу;
8. Аса спарадзіў Ёсафата; Ёсафат спарадзіў Ярама; Ярам спарадзіў Азію;
9. Азія спарадзіў Ёатама; Ёатам спарадзіў Ёзэкію;
10. Ёзэкія спарадзіў Манасію; Манасія спарадзіў Амона; Амон спарадзіў Ёсію;
11. Ёсія спарадзіў Ёакіма; Ёакім спарадзіў Еханію і братоў яго, пад час высяленьня вавілонскага.
12. Пасьля ж высяленьня вавілонскага Еханія спарадзіў Салатыіля; Салатыіль спарадзіў Зарававеля;
13. Зарававель спарадзіў Авіуда; Авіуд спарадзіў Эліякіма; Эліякім спарадзіў Азора;
14. Азор спарадзіў Садока; Садок спарадзіў Ахіма; Ахім спарадзіў Эліуда;
15. Эліуд спарадзіў Элеазара; Элеазар спарадзіў Матана; Матан спарадзіў Якава;
16. Якаў спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад Якой нарадзіўся Ісус, Якога называюць Хрыстос.
17. І вось усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; іад Давіда да высяленьня вавілонскага чатырнаццаць пакаленьняў; і ад высяленьня вавілонскага да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў.
18. Нараджэньне Ісуса Хрыста было так: па заручынах Маці Яго Марыі зь Язэпам, перш чым сышліся яны, выявілася, што Яна мае ва ўлоньні ад Духа Сьвятога.
19. А Язэп, муж Яе, будучы праведны, не жадаючы зьняславіць Яе, хацеў употай адпусьціць Яе.
20. Калі ж надумаў ён гэта, - вось, анёл Гасподні ў сьне явіўся яму і сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсьць ад Духа Сьвятога;
21. і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхніх.
22. А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
23. «Вось, Дзева ва ўлоньні зачне; народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: з намі Бог».
24. Устаўшы ад сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Гасподні, і прыняў жонку сваю
25. і ня знаў Яе, пакуль нарадзіла Сына Свайго першароднага, і Ён даў Яму імя: Ісус.