Памер шрыфту
Чытаньне за 13 сьнежня 2015:


Евангельле паводле Мацьвея 10.16-22

16. Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы.
17. Сьцеражэцеся ж людзей: бо яны аддаваць будуць вас у судзілішчы і ў сынагогах сваіх біць будуць вас,
18. і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне на сьведчаньне перад імі і язычнікамі.
19. Калі ж будуць выдаваць вас, ня турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць;
20. бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
21. І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька - сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх;
22. і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе.

Пасланьне да Каласянаў 3.4-11

4. калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тады і вы зьявіцеся зь Ім у славе.
5. Дык жа ўмярцьвеце зямныя чэлесы вашыя: распусту, нечысьць, юр, ліхую хцівасьць і любазьдзірства, якое ёсьць ідаласлужэньне,
6. за якія гнеў Божы ідзе на сыноў супраціву,
7. у якіх і вы колісь блукалі, калі жылі сярод іх.
8. А зараз вы адкладзеце ўсё: гнеў, лютасьць, злосьць, ліхаслоўе, кляцьбу з вуснаў вашых;
9. ня хлусеце адно аднаму, бо вы распранулі зь сябе старога чалавека зь дзеямі ягонымі
10. і, апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобраза Стваральніка ягонага,
11. дзе няма ні Эліна, ні Юдэя, ні абразаньня, ні неабразаньня, варвара, Скіфа, раба, вольніка, а ўсё і ўва ўсім - Хрыстос.

Евангельле паводле Лукаша 14.16-24

16. А Ён сказаў яму: адзін чалавек зладзіў вялікую вячэру і склікаў многіх;
17. і калі настаў час бяседы, паслаў раба свайго сказаць запрошаным: ідзеце, бо ўжо ўсё гатова.
18. І пачалі ўсе, як бы змовіўшыся, перапрашацца. Першы сказаў яму: я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і агледзець яе; прашу цябе, прабач мне.
19. Другі сказаў: я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх; прашу цябе, прабач мне.
20. Трэйці сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсьці.
21. І вярнуўшыся, раб той данёс пра гэта гаспадару свайму. Тады, угневаўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: ідзі хутчэй па вуліцах і завулках горада, і прывядзі сюды ўбогіх, калекаў, кульгавых і сьляпых.
22. І сказаў раб: спадару! зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсьць месца.
23. Гаспадар сказаў рабу: ідзі па дарогах і ўздоўж платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой;
24. бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных ня з’есьць маёй вячэры: бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.