Памер шрыфту
Чытаньне за 4 студзеня 2019:


Дзеі Апосталаў 13.25-32

25. А пры канцы свайго шляху Ян казаў: за каго ўважаеце мяне? я ня Той; але вось, ідзе за мною, у Якога я ня варты разьвязаць абутак на нагах.
26. Мужы браты, дзеці роду Абрагамавага, і ўсе богабаязныя сярод вас! вам паслана слова збаўленьня гэтага.
27. Бо жыхары Ерусаліма і начальнікі іхнія, не пазнаўшы Яго і засудзіўшы, спраўдзілі словы прарочыя, чытаныя кожнае суботы,
28. і, не знайшоўшы ў Ім ніякай віны, вартае сьмерці, прасілі Пілата забіць Яго;
29. а калі выканалі ўсё напісанае пра Яго, дык, зьняўшы з дрэва, паклалі Яго ў магілу.
30. Але Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых;
31. Ён шмат дзён паяўляўся перад тымі, якія выйшлі зь Ім з Галілеі ў Ерусалім і якія сёньня - сьведкі Яго перад людзьмі.
32. І мы зьвястуем вам, што абяцаньне, дадзенае бацькам, Бог выканаў нам, дзецям іхнім, уваскрэсіўшы Ісуса,

Евангельле паводле Мацьвея 3.1-11

1. У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель і прапаведуе ў пустыні Юдэйскай
2. і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
3. Бо Ён Той, пра Каго сказаў прарок Ісая: «голас таго, хто кліча ў пустыні, падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму».
4. А ў самога Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай; а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд.
5. Тады выходзілі да яго Ерусалім і ўся Юдэя, і ўсё навакольле Ярданскае
6. і хрысьціліся ў Ярдане ў яго, спавядаючыся ў грахах сваіх.
7. Убачыўшы многіх фарысэяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысьціцца, Ян сказаў ім: выродзьдзе яхідніна! хто вас намовіў уцякаць ад будучага гневу?
8. Прынясеце ж годны плод пакаяньня;
9. і ня думайце гаварыць самі сабе: «бацька ў нас Абрагам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму;
10. ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь;
11. я хрышчу вас вадою на пакаяньне; але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне; я ня варты панесьці абутак Ягоны; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём;

Дзеі Апосталаў 19.1-8

1. Калі Апалос быў у Карынфе, Павал, абышоўшы горныя землі, прыйшоў у Эфэс ізнайшоў там некаторых вучняў
2. і сказаў ім: ці прынялі вы Сьвятога Духа, увераваўшы? А яны сказалі яму: мы нават і ня чулі, ці ёсьць Дух Сьвяты.
3. Ён сказаў ім: у што ж вы хрысьціліся? Яны адказвалі: у Янава хрышчэньне.
4. Павал сказаў: Ян хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы людзям, каб веравалі ў Таго, Хто ідзе пасьля яго, гэта значыцца, у Хрыста Ісуса.
5. Пачуўшы гэта, яны хрысьціліся ў імя Госпада Ісуса,
6. і, калі Павал усклаў на іх рукі, зышоў на іх Дух Сьвяты, і яны пачалі гаварыць іншымі мовамі і прарочылі.
7. Усіх іх было чалавек з дванаццаць.
8. Прыйшоўшы ў сынагогу, ён не бяз страху прапаведаваў тры месяцы, гутарыў ісьведчыў пра Царства Божае.

Евангельле паводле Марка 1.1-8

1. Пачатак Дабравесьця Ісуса Хрыста, Сына Божага,
2. як напісана ў прарокаў: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад Табою».
3. «Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму».
4. Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў.
5. І выходзілі да яго ўся краіна Юдэйская і Ерусалімляне; і хрысьціліся ў яго ўсе ў рацэ Ярдане, спавядаючыся ў грахах сваіх.
6. А ў Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай, і еў акрыды і дзікі мёд.
7. І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рэмень абутку Ягонага;
8. я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.

Пасланьне да Рымлянаў 6.3-11

3. Няўжо ня ведаеце, што ўсе мы, хрышчаныя ў Ісуса Хрыста, у сьмерць Ягоную хрысьціліся?
4. Дык вось, мы і пахаваныя зь Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрэс зь мёртвых славаю Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці.
5. Бо калі мы паяднаныя зь Ім падабенствам сьмерці Ягонай, дык павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрэсеньня,
6. ведаючы тое, што даўні наш чалавек крыжаваны зь ім, каб зьнішчылася цела грэшнае, каб нам ня быць ужо рабамі грэху;
7. бо, хто памёр, той вызваліўся ад грэху.
8. Калі ж мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што і жыць будзем зь Ім,
9. ведаючы, што Хрыстос, уваскрэсшы зь мёртвых, ужо ня ўмірае: сьмерць ужо ня мае над Ім улады.
10. Бо, што Ён памёр, дык памёр раз назаўсёды для грэху, а што жыве, дык жыве дзеля Бога.
11. Гэтак сама і вы лічэце сябе мёртвымі для грэху, а жывымі дзеля Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

Евангельле паводле Марка 1.9-15

9. І было ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і хрысьціўся ў Яна ў Ярдане.
10. І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Ян, як адчыніліся нябёсы, і Духа, як голуба, Які сыходзіў на Яго.
11. І голас быў зь нябёсаў: «Ты Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў».
12. І адразу пасьля гэтага Дух вядзе Яго ў пустыню.
13. І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны сатаною, і быў са зьвярамі; і анёлы слугавалі Яму.
14. А пасьля таго, як прададзены быў Ян, прыйшоў Ісус ў Галілею, прапаведуючы Дабравесьце Царства Божага,
15. і кажучы, што прыйшоў час і наблізілася Царства Божае: пакайцеся і веруйце ў Дабравесьце.

Пасланьне да Ціта 2.11-14

11. Бо зьявілася мілата Божая, ратавальная ўсім людзям,
12. якая вучыць нас, каб мы, адкінуўшы бязбожнасьць і зямныя пахацінствы, цнатліва, праведна і пабожна жылі ў гэтым веку,
13. чакаючы дабрашчаснага спадзяваньня і прышэсьця славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,
14. Які аддаў Сябе за нас, каб выбавіць нас з усякай беззаконнасьці і ачысьціць Сабе народ адмысловы, шчыра адданы добрым учынкам.

Пасланьне да Ціта 7

4. Калі ж зьявілася мілата і чалавекалюбства Збаўцы нашага, Бога,
5. Ён выбавіў нас не за дзеі праведнасьці, якія б мы ўчынілі, а з Свайго мілажалю, праз купель адраджэньня і абнаўленьня Сьвятым Духам,
6. Якога выліў на нас шчодра празь Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,
7. каб, апраўдаўшыся Ягонай мілатою, мы згодна са спадзяваньнем зрабіліся спадкаемцамі жыцьця вечнага.

Евангельле паводле Мацьвея 3.13-17

13. Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна хрысьціцца ў яго.
14. Ян жа стрымліваў Яго, кажучы: мне трэба ў Цябе хрысьціцца, а Ты прыходзіш да мяне?
15. Але Ісус сказаў у адказ яму: дапусьці цяпер, бо так належыць нам зьдзейсьніць ўсякую праведнасьць. Тады Ян дапускае Яго.
16. І ахрысьціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады; - і вось, адчыніліся Яму нябёсы, і ўбачыў Ян Духа Божага, Які сыходзіў, як голуб, і апускаўся на Яго.
17. І вось, голас зь нябёсаў прамовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.