19. У той самы першы дзень тыдня ўвечары, калі дзьверы дома, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнутыя з апасеньня перад Юдэямі, прыйшоў Ісус і стаў пасярод, і кажа ім: мір вам! 20. Сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі і ногі і рэбры Свае. Вучні ўзрадаваліся, убачыўшы Госпада. 21. А Ісус сказаў ім другі раз: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. 22. Сказаўшы гэта, дзьмухнуў, і кажа ім: прымеце Духа Сьвятога: 23. каму даруеце грахі, таму даруюцца: на кім пакінеце, на тым застануцца. 24. А Тамаш, адзін з дванаццацёх, называны Блізьнюк, ня быў тут зь імі, калі прыходзіў Ісус. 25. Другія вучні сказалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках у Яго ранаў ад цьвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і ня ўкладу рукі маёй у рэбры Ягоныя, не паверу. 26. Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Тамаш зь імі. Прыйшоў Ісус, калі дзьверы былі замкнутыя, стаў пасярод іх і сказаў: мір вам! 27. Потым кажа Тамашу: падай палец твой сюды і паглядзі рукі Мае; падай руку тваю і ўкладзі ў рэбры Мае; і ня будзь недаверкам, а вернікам. 28. Тамаш сказаў Яму ў адказ: Госпадзе мой і Божа мой! 29. Ісус кажа яму: ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; дабрашчасныя тыя, што ня бачыўшы - паверылі. 30. Многа стварыў Ісус перад вучнямі Сваімі і іншых цудаў, пра якія не напісана ў кнізе гэтай; 31. а гэта напісана, каб вы ўверавалі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, веруючы, мелі жыцьцё вечнае ў імя Ягонае.
Пасланьне да Галятаў 1.11-19
11. Абвяшчаю вам, браты, што Дабравесьце, якое я абвяшчаў, ня ёсьць чалавечае; 12. бо і я прыняў яго і навучыўся не ад чалавека, а праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста. 13. Вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, як я жорстка прасьледаваў Царкву Божую і спусташаў яе, 14. і вызначыўся ў Юдэйстве сярод многіх равесьнікаў з роду майго, бо быў я зацяты прыхільнік бацькоўскіх маіх паданьняў. 15. Калі ж Бог, выбраўшы мяне ад улоньня маці маёй і заклікаўшы мілатою Сваёю, 16. зажадаў адкрыць ува мне Сына Свайго, каб я зьвеставаў Яго язычнікам, я не пачаў адразу ж раіцца з плоцьцю і крывёю, 17. і не пайшоў у Ерусалім да тых апосталаў, якія ішлі перада мною, а пайшоў у Аравію, і зноў вярнуўся ў Дамаск. 18. Пасьля, праз тры гады, хадзіў я ў Ерусалім пабачыцца зь Пятром і пабыў у яго дзён пятнаццаць. 19. А другога з апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якава, брата Гасподняга.
Евангельле паводле Мацьвея 2.13-23
13. Калі ж яны адышлі, - вось, анёл Гасподні яўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго. 14. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную, і адышоў у Егіпет, 15. і быў там да Ірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Егіпта паклікаў Я Сына Майго». 16. Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў пазабіваць усіх дзетак у Віфляеме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у мудрацоў. 17. Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: 18. «Голас у Раме чуцен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца; бо іх няма». 19. А як Ірад памёр, - вось, анёл Гасподні ў сьне яўляецца Язэпу ў Егіпце 20. і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраілеву; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці. 21. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву. 22. Але пачуўшы, што Архелай валадарыць ў Юдэі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; і атрымаўшы ў сьне наказ, адышоў у межы Галілейскія, 23. і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.