1. Тым часам цар Ірад падняў рукі на некаторых людзей царквы, каб зрабіць ім ліха, 2. і забіў Якава, брата Янавага, мечам; 3. а ўбачыўшы, што гэта даспадобы Юдэям, сьледам за тым узяў і Пятра, - тады былі дні праснакоў, - 4. і, затрымаўшы яго, пасадзіў у цямніцу і загадаў чатыром чацьверыкам воінаў вартаваць яго, маючы намер пасьля Пасхі вывесьці яго да людзей. 5. І так Пятра вартавалі ў цемры; тым часам царква рупліва малілася за яго Богу. 6. Калі ж Ірад хацеў вывесьці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двума воінамі, скаваны двума ланцугамі, і ахова каля дзьвярэй вартавала цямніцу. 7. І вось, анёл Гасподні стаў перад ім, і сьвятло азарыла цямніцу; анёл, штурхнуўшы Пятра ў бок, разбудзіў яго і сказаў: устань хутчэй! І ланцугі апалі з рук ягоных. 8. І сказаў яму анёл: падперажыся і абуйся. Ён зрабіў так. Пасьля кажа яму: апрані адзежу тваю і ідзі за мною. 9. Пётр выйшаў і рушыў усьлед за ім, ня ведаючы, што тое, што робіць анёл, ёсьць сапраўднае, а думаючы, што бачыць уяву. 10. Мінуўшы першую і другую варту, яны падышлі да жалезнае брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася ім; яны выйшлі, і прайшлі адну вуліцу, калі раптам анёла ня стала зь ім. 11. Тады Пётр, апамятаўшыся, сказаў: цяпер я бачу напраўду, што Гасподзь паслаў анёла Свайго і выбавіў мяне з рукі Ірада і ад усяго, чаго чакаў люд Юдэйскі.
Евангельле паводле Яна 8.31-42
31. Тады сказаў Ісус да тых Юдэяў, што ўверавалі ў Яго: калі застанецеся ў слове Маім, дык вы ў ісьціне Мае вучні. 32. І спазнаеце праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі. 33. Яму адказвалі: мы семя Абрагамавае, і ня былі рабамі нікому ніколі; як жа Ты кажаш: «зробіцеся свабоднымі»? 34. Ісус адказваў ім: праўду, праўду кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, ёсьць раб грэху; 35. але раб не застаецца ў доме вечна: Сын застаецца вечна; 36. дык вось, калі Сын вызваліць вас, дык у ісьціне свабодныя будзеце; 37. ведаю, што вы семя Абрагамавае: аднак намышляеце забіць Мяне, бо слова Маё не ўмяшчаецца ў вас; 38. Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што бачылі ў бацькі вашага. 39. Сказалі Яму ў адказ: бацька наш ёсьць Абрагам. Ісус сказаў ім: калі б вы былі дзеці Абрагамавыя, дык і ўчынкі Абрагамавыя рабілі б; 40. а цяпер намышляеце забіць Мяне, Чалавека, Які адкрыў вам ісьціну, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў. 41. Вы робіце ўчынкі бацькі вашага. На гэта сказалі Яму: мы не ад блуду народжаныя; аднаго Айца маем - Бога. 42. Ісус сказаў ім: калі б Бог быў Айцец ваш, вы любілі б Мяне, бо Я ад Бога паходжу і прыйшоў; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, а Ён паслаў Мяне: