16. Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус; 17. і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся. 18. І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі: 19. дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, 20. вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.
3.12-16
Евангельле паводле Лукаша 18.18-27
18. І спытаўся ў Яго нехта з начальнікаў: Настаўнік добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае? 19. Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, як толькі адзін Бог. 20. Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; шануй бацьку твайго і маці тваю. 21. А той сказаў: усё гэта захаваў я зь юнацтва майго. 22. Пачуўшы гэта, Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і мець будзеш скарб на нябёсах, і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною. 23. А ён, пачуўшы гэта, засмуціўся, бо быў вельмі багаты. 24. Ісус, бачачы, як ён засмуціўся, сказаў: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае! 25. бо лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае! 26. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хто ж можа ўратавацца? 27. Але Ён сказаў: немагчымае людзям магчымае Богу.