1. У першы ж дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць да магілы раніцай, яшчэ прыцемкам, і бачыць, што камень адвалены ад магілы; 2. і вось бяжыць, і прыходзіць да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: зьнесьлі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе паклалі Яго. 3. Адразу выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы; 4. яны пабеглі абодва разам; але другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў да магілы першы, 5. і нахіліўшыся, убачыў палотны, якія там ляжалі: але не ўвайшоў у магілу. 6. Сьледам за ім прыходзіць Сымон Пётр, і ўваходзіць у магілу, і бачыць адны палотны, якія там ляжалі. 7. і хустку, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная, на іншым месцы. 8. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег раней да магілы, і ўбачыў, і ўвераваў; 9. бо яны яшчэ ня ведалі з Пісаньня, што Яму належала паўстаць зь мёртвых. 10. І вось, вучні зноў вярнуліся да сябе.
Дзеі Апосталаў 11.19-26, 29-30
19. Тым часам тыя, што расьсеяліся ад ганеньняў, якія былі пасьля Сьцяпана, пайшлі да Фінікіі і Кіпра і Антыахіі, нікому не прапаведуючы слова, апрача Юдэяў. 20. А былі сярод іх і некаторыя Кіпрэйцы і Кірынейцы, якія, прыйшоўшы ў Антыахію, прамаўлялі да Элінаў, зьвястуючы Госпада Ісуса. 21. І была рука Гасподняя зь імі, і вялікае мноства ўвераваўшы навярнуліся да Госпада. 22. Дайшло слова пра іх да царквы Ерусалімскай, і даручылі Варнаву ісьці ў Антыахію. 23. Ён, як прыйшоў і ўбачыў мілату Божую, узрадаваўся і ўгаворваў усіх намерамі сэрца трымацца Госпада; 24. бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І прыхілілася многа людзей да Госпада. 25. Потым Варнава пайшоў у Тарс шукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыахію. 26. Цэлы год зьбіраліся яны ў царкве і вучылі многа людзей; і вучні ў Антыахіі ўпяршыню пачалі называцца хрысьціянамі. [...] 29. тады вучні пастанавілі, кожны паводле дастатку свайго, паслаць дапамогу братам, якія жывуць у Юдэі, 30. што і зрабілі, паслаўшы сабранае да прасьвітараў праз Варнаву і Саўла.
Евангельле паводле Яна 4.5-42
5. І вось прыходзіць Ён да горада Самарыйскага, называнага Сіхар, паблізу дзялянкі зямлі, дадзенай Якавам сыну свайму Язэпу, 6. там быў калодзеж Якаваў. Ісус, стаміўшыся з дарогі, сеў каля калодзежа; было каля шостай гадзіны. 7. Прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Ісус кажа ёй: дай Мне напіцца. 8. Бо вучні Ягоныя адлучыліся ў горад купіць ежы. 9. Жанчына Самаранская кажа Яму: як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне, Самаранкі? бо Юдэі з Самаранамі ня зносяцца. 10. Ісус сказаў ёй у адказ: калі б ты ведала дар Божы, і Хто кажа табе: дай Мне напіцца, - дык ты сама прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе вады жывое. 11. Жанчына кажа Яму: Спадару! Табе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі: адкуль жа ў Цябе вада жывая? 12. Няўжо Ты большы за бацьку нашага, Якава, які даў нам гэты калодзеж, і сам зь яго піў, і дзеці ягоныя, і быдла ягонае? 13. Ісус сказаў ёй у адказ: кожны, хто п’е ваду гэтую, спрагнецца зноў; 14. а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, той не спрагнецца вавек; а вада, якую Я дам яму, зробіцца ў ім крыніцай вады, якая пацячэ ў жыцьцё вечнае. 15. Жанчына кажа Яму: Спадару! дай мне гэтай вады, каб ня мець мне смагі і ня прыходзіць сюды чэрпаць. 16. Ісус кажа ёй: ідзі, клікні мужа твайго і прыйдзі сюды. 17. Жанчына сказала ў адказ: няма ў мяне мужа. Ісус кажа ёй: праўду ты сказала, што ў цябе няма мужа; 18. бо ў цябе было пяць мужоў, і той, якога сёньня маеш, ня муж табе; гэта слушна ты сказала. 19. Жанчына кажа Яму: Госпадзе! бачу, што Ты прарок; 20. бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары; а вы кажаце, што месца, дзе трэба пакланяцца, у Ерусаліме. 21. Ісус кажа ёй: павер Мне, што настане час, калі і не на гары гэтай, і не ў Ерусаліме будзеце пакланяцца Айцу. 22. Вы ня ведаеце, чаму кланяецеся; а мы ведаем, чаму кланяемся, бо збаўленьне ад Юдэяў; 23. але настане час, і настаў ужо, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо такіх паклоньнікаў Айцец шукае Сабе: 24. Бог ёсьць дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе. 25. Жанчына кажа Яму: ведаю, што прыйдзе Месія, гэта значыць, Хрыстос; калі Ён прыйдзе, дык абвесьціць нам усё. 26. Ісус кажа ёй: гэта Я, Які гавару з табою. 27. У гэты час прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што Ён гутарыў з жанчынаю; аднак жа ніводзін не сказаў: чаго Ты патрабуеш? альбо: пра што Ты гутарыш зь ёю? 28. Тады жанчына пакінула посуд свой і пайшла ў горад, і кажа людзям: 29. ідзеце, паглядзеце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я зрабіла: ці ня Ён Хрыстос? 30. Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго. 31. Тым часам вучні прасілі яго, кажучы: Равьві! еж. 32. Але Ён сказаў ім: у Мяне ёсьць ежа, якое вы ня ведаеце. 33. Потым вучні гаварылі паміж сабою: хіба хто прынёс Яму есьці? 34. Ісус кажа ім: Мая ежа ёсьць тварыць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і зьдзейсьніць справу Ягоную. 35. Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво? А Я кажу вам: узьвядзеце вочы вашыя і паглядзеце на нівы, як яны папалавелі і высьпелі да жніва; 36. хто жне, дастае ўзнагароду і зьбірае плод у жыцьцё вечнае, так што і сейбіт і жнец разам радавацца будуць; 37. бо ў гэтым выпадку слушнае выслоўе: адзін сее, а другі жне. 38. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю. 39. І многія Самаране з горада таго ўверавалі ў Яго па слове жанчыны, якая сьведчыла, што Ён сказаў ёй усё, што яна зрабіла. 40. І таму, калі прыйшлі да Яго Самаране, дык прасілі Яго пабыць у іх; і Ён прабыў там два дні. 41. І яшчэ больш людзей уверавалі па Ягоным слове; 42. а жанчыне той казалі: ужо не па тваіх казанях веруем, бо самі чулі і ўведалі, што сапраўды Збаўца сьвету, Хрыстос.