1. Дык вось, як Хрыстос пацярпеў за нас целам, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю; бо хто пакутуе целам, той перастае грашыць, 2. каб рэшту часу ў целе ўжо жыць не паводле людзкіх пахацінстваў, а паводле волі Божай. 3. Бо досыць, што вы ў мінулым часе жыцьця чынілі волю язычніцкую, аддаючыся нечысьці, пажадзе (мужаложству, скаталожству, непатрэбным помыслам), п’янству, лішніцы ў ежы і пітве і недарэчнаму ідаласлужэньню; 4. таму яны і зьдзіўляюцца, што вы ня маеце ўдзелу зь імі ў той самай распусьце, і бэсьцяць вас; 5. яны дадуць адказ Таму, Хто неўзабаве мае судзіць жывых і мёртвых. 6. Бо на тое і мёртвым было зьвеставана, каб яны па-людзку целам суд прыняўшы, жылі пабожна духам. 7. Зрэшты, блізкі ўсяму канец. Дык вось будзьце ў добрым розуме і чувайце ў малітвах. 8. А найболей за ўсё майце шчырую любоў адно да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў; 9. будзьце гасьцінныя адно да аднаго без нарокаў; 10. служэце адно аднаму, кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя дойліды разнастайнай мілаты Божай. 11. Калі гаворыць хто, гавары як словы Божыя; ці калі служыць хто, служы сілаю, якую дае Бог, каб ва ўсім ўслаўляўся Бог празь Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада навекі вечныя. Амін.
Евангельле паводле Марка 12.28-37
28. Адзін кніжнік, чуючы іхнія спрэчкі і бачачы, што Ісус хораша ім адказваў, падышоў і спытаўся ў Яго: якая першая з усіх запаведзяў? 29. Ісус адказваў яму: першая з усіх запаведзяў: «слухай, Ізраіль! Гасподзь Бог наш ёсьць Гасподзь адзіны; 30. і палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і ўсёю моцаю тваёю»: вось, першая запаведзь! 31. Другая падобная да яе: «палюбі блізкага твайго, як самога сябе»; іншае запаведзі большае за гэтыя няма. 32. Кніжнік сказаў Яму: Настаўнік! добра, праўду сказаў Ты, што адзін ёсьць Бог і няма іншага, апрача Яго; 33. і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю, і любіць блізкага, як самога сябе, ёсьць больш за ўсе ўсеспаленьні і ахвяры. 34. Ісус, бачачы, што ён разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Царства Божага. Пасьля таго ніхто ўжо не адважваўся пытацца ў Яго. 35. Вучачы далей у храме, Ісус казаў: як кажуць кніжнікі, што Хрыстос ёсьць сын Давідаў? 36. Бо сам Давід сказаў у Духу Сьвятым: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх». 37. Дык вось сам Давід называе Яго Госпадам: як жа Ён сын Яму? І безьліч люду Яго слухалі з асалодаю.