12. Любасныя! вогненнай спакусы, што пасылаецца на выпрабаваньне вам, ня цурайцеся, быццам прыгоды вам чужой, 13. але як што вы маеце долю ў Хрыстовых цярпеньнях, радуйцеся, ды і ў зьяўленьні славы Ягонай узрадуецеся і ўзьвесялецеся. 14. Калі клянуць вас за імя Хрыстовае, дык вы дабрашчасныя, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас: тыя ганяць Яго, а вы ўслаўляйце. 15. Толькі б не пацярпеў хто з вас як забойца, альбо злодзей, альбо як ліхадзей, альбо як захопнік чужога; 16. а калі як Хрысьціянін, дык не саромейся, а ўслаўляй Бога за такую долю. 17. Бо пара пачынацца суду з дома Божага; а калі найперш з нас пачнецца, дык які канец тым, хто не скараецца Дабравесьцю Божаму? 18. І калі праведнік ледзьве ратуецца, дык бязбожнік і грэшны дзе апынецца? 19. Дык вось, пакутнікі па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Садзецелю, душы свае, робячы дабро. 1. Пастыраў вашых умаўляю я, супастыр і сьведка цярпеньняў Хрыстовых і саўдзельнік у славе, якая павінна адкрыцца: 2. пасьвіце Божы статак, які ў вас, наглядайце за ім ня з прынукі, а з ахвоты і богаспадобна, ня дзеля гнюснай карысьлівасьці, а з руплівасьці, 3. і не пануючы над спадчынай Божай, а даючы прыклад статку, - 4. і калі зьявіцца Пастыраначальнік, вы атрымаеце неўвядальны вянок славы. 5. Таксама і малодшыя, карэцеся пастырам; а ўсе, скараючыся адно аднаму, набярэцеся пакорлівай мудрасьці, таму што Бог ганарыстым працівіцца, а пакорным дае мілату.
Евангельле паводле Марка 12.38-44
38. І казаў ім у вучэньні Сваім: асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і вітаньні на сходах народных, 39. сядзець наперадзе ў сынагогах і ўзьляжаць на першым месцы на гасьцінах; 40. гэтыя, што пажыраюць дамы ўдовіныя і напаказ доўга моляцца, прымуць найцяжэйшую асуду. 41. І сеў Ісус насупроць скарбонкі, і глядзеў, як люд кладзе грошы ў скарбонку. Многія багатыя клалі памногу. 42. А прыйшоўшы, адна бедная ўдава паклала дзьве лепты, што складае кадрант. 43. Паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава паклала болей за ўсіх, што клалі ў скарбонку; 44. бо ўсе клалі ад лішку свайго, а яна ад нястачы сваёй паклала ўсё, што мела, увесь пражытак свой.