23. Усё мне можна, ды ня ўсё на карысьць; усё мне можна, ды ня ўсё навучае. 24. Хай ніхто ня шукае карысьці сабе, а кожны - другому. 25. Усё, што прадаецца на торжышчы, ежце не перабіраючы, дзеля спакою сумленьня; 26. бо Гасподняя зямля і ўсё, што на ёй. 27. Калі хто зь няверных пакліча вас, і вы захочаце пайсьці, - дык усё, што вам прапануецца, ежце не перабіраючы дзеля спакою сумленьня. 28. Але калі хто скажа вам: гэта ідалаахвярнае, - дык ня ежце дзеля таго, хто падказаў вам, і дзеля сумленьня; бо Гасподняя зямля, і ўсё, што на ёй.
Евангельле паводле Лукаша 21.8-9, 25-27, 33-36
8. Ён сказаў: сьцеражэцеся, каб вас не ўвялі ў аблуду; бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я; і гэты час блізкі. Не хадзеце сьледам за імі. 9. А як пачуеце пра войны і смуты, не жахайцеся: бо гэта павінна быць раней; але не адразу канец. [...] 25. І будуць азнакі ў сонцы і ў месяцы і ў зорках, а на зямлі заняпад духу народаў і недаўмёнасьць; і мора зашуміць і забушуе; 26. людзі будуць здыхаць ад страху і чаканьня нягодаў, што пойдуць на сьвет, бо сілы нябесныя пахіснуцца. 27. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле і славе вялікай. [...] 33. неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць. 34. Глядзеце ж за сабою, каб сэрцы вашыя не абцяжарваліся абжорствам і п’янствам і клопатам будным, і каб дзень той не застаў вас зьнянацку: 35. бо ён, як сетка, накрые ўсіх, хто жыве па ўсім улоньні зямным; 36. дык вось, чувайце ва ўсякі час і малецеся, і хай спадобіцеся ўнікнуць усіх гэтых будучых нягодаў і паўстаць перад Сынам Чалавечым.