1. Гэта ўжо другое пасланьне пішу вам, любасныя; у ім напамінам буджу вашую чыстую думку, 2. каб вы памяталі словы, раней сказаныя сьвятымі прарокамі, і запаведзь Госпада і Збаўцы, перададзеную апосталамі вашымі: 3. найперш ведайце, што ў апошнія дні прыйдуць нахабныя паглумшчыкі, якія ўчыняюць паводле сваіх пахаценьняў 4. і кажуць: дзе абяцаньне прышэсьця Ягонага? бо з таго часу, як пачалі паміраць бацькі, ад пачатку тварэньня ўсё застаецца гэтак сама. 5. Тыя, што думаюць так, ня ведаюць, што на пачатку словам Божым нябёсы і зямля складзены з вады і вадою: 6. таму тагачасны сьвет загінуў, будучы затоплены вадою. 7. А цяперашнія неба і зямля, захаваныя тым самым словам, зьберагаюцца вагню на судны дзень і загубу бязбожных людзей. 8. Адно тое не павінна быць схавана ад вас, любасныя, што ў Госпада адзін дзень, як тысяча год, і тысяча год, як адзін дзень. 9. Не марудзіць Гасподзь з выкананьнем абяцаньня, як некаторыя лічаць гэта марудлівасьцю; а доўга трывае нас, ня хочучы, каб хто загінуў, а каб усе прыйшлі да каяньня. 10. Прыйдзе ж дзень Гасподні, як злодзей ноччу, і тады нябёсы з грукатам мінуцца, а стыхіі, распаленыя, разбурацца ўшчэнт, зямля і ўсе дзеі на ёй згараць. 11. Калі так усё гэта зруйнуецца, дык якімі павінны быць у сьвятым жыцьці і пабожнасьці вы, 12. хто чакае і прагне прышэсьця дня Божага, калі ўспалымнёныя нябёсы разбурацца і распаленыя стыхіі растопяцца. 13. Але мы, паводле абяцаньня Ягонага, чакаем новага неба і новай зямлі, на якіх жыве праўда. 14. Дык вось, любасныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся зьявіцца перад Ім неапаганенымі і беспахібнымі ў сьвеце; 15. і доўгае трываньне Госпада нашага прымайце за выратаваньне, як і любасны брат наш Павал паводле дадзенай яму мудрасьці напісаў вам, 16. як ён кажа пра гэта і ва ўсіх пасланьнях, у якіх ёсьць нешта цяжка зразумелае, што невукі і няўмоцненыя, на сваю ж пагібель, перакручваюць, як і іншыя Пісаньні. 17. Дык вось вы, любасныя, паведамленыя пра гэта загадзя, асьцерагайцеся, каб вам не захапіцца аблудамі беззаконьнікаў і не адпасьці ад сваёй угрунтаванасьці, 18. а гадуйцеся ў мілаце і пазнаньні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер і ў дзень вечны. Амін.
Евангельле паводле Марка 13.24-31
24. Але ў тыя дні, пасьля смутку таго сонца памеркне, і месяц ня дасць сьвятла свайго; 25. і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца. 26. Тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле моцнай і ў славе. 27. І тады Ён пашле анёлаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі і да краю неба. 28. Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле ейнае ўжо мякчэе і пускае лісьце, дык ведайце, што блізка лета; 29. так і вы, калі ўбачыце, што збываецца тое, ведайце, што блізка, пры дзьвярах. 30. Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе. 31. Неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць.