25. А Варнава і Саўл, выканаўшы даручэньне, вярнуліся зь Ерусаліма (ў Атныахію), узяўшы з сабою і Яна, якога звалі Маркам. 1. У Антыахіі ў тамтэйшай царкве былі некаторыя прарокі і настаўнікі: Варнава, і Сымон, якога звалі Нігер, і Луцый Кірынеец, і Манаіл, выхаваны разам зь Ірадам тэтрархам, і Саўл. 2. Калі яны служылі Госпаду і пасьціліся, Дух Сьвяты сказаў: даручэце Мне Варнаву і Саўла на дзею, да якое Я іх паклікаў. 3. Тады яны, папасьціўшыся і памаліўшыся і ўсклаўшы на іх рукі, адпусьцілі іх. 4. Тыя, пасланыя Духам Сьвятым, сыйшлі ў Селяўкію, а адтуль адплылі на Кіпр, 5. і, быўшы ў Саламіне, прапаведавалі слова Божае ў сынагогах Юдэйскіх; а мелі яны пры сабе і Яна для служэньня. 6. Праўшоўшы ўвесь востраў да Пафа, знайшлі яны аднаго чарадзея ілжэпрарока, Юдэя, якога звалі Варысус, 7. які быў з праконсулам Сергіем Паўлам, мужам разумным. Той, паклікаўшы Варнаву і Саўла, пажадаў пачуць слова Божае. 8. А Яліма чарадзей, - так тлумачыцца імя ягонае, - пярэчыў ім, стараючыся адвярнуць праконсула ад веры. 9. Але Саўл, ён жа і Павал, напоўніўся Духам Сьвятым і паглядзеўшы на яго, 10. сказаў: о, поўны ўсякае хітрыны і ўсякага зладзейства сыне д’яблаў, вораг усякай праўды! ці не перастанеш ты зводзіць з роўных дарог Гасподніх? 11. І цяпер, вось, рука Гасподняя на цябе: ты асьлепнеш і ня ўбачыш сонца да часу. І раптам напалі на яго морак і цемра, і ён, паварочваючыся то туды, то сюды, шукаў павадыра. 12. Тады праконсул, усачыўшы, што адбылося, увераваў, зьдзіўлены вучэньнем Гасподнім.
Евангельле паводле Яна 8.51-59
51. Праўду, праўду кажу вам: хто сьледуе слову Майму, той ня ўбачыць сьмерці вавек. 52. Юдэі сказалі Яму: цяпер даведаліся мы, што дэман у Табе: Абрагам памёр і прарокі, а Ты кажаш: хто зьберагае слова Маё, той ня ўведае сьмерці вавек; 53. няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? і за прарокаў памерлых? Кім Ты Сябе робіш? 54. Ісус адказваў: калі Я Сам Сябе слаўлю, дык слава Мая анішто: Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён Бог ваш; 55. і вы ня ўведалі Яго, а Я ведаю Яго; і калі скажу, што ня ведаю Яго, дык буду падобны на вас ашуканец; але Я ведаю Яго і сьледую слову Ягонаму; 56. Абрагам, бацька ваш, рады быў убачыць дзень Мой: і ўбачыў і ўзрадаваўся. 57. На гэта сказалі Яму Юдэі: Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, - і Ты бачыў Абрагама? 58. Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: раней за Абрагама быў Я. 59. І пабралі камяні, каб кінуць у Яго; але Ісус зьнік і выйшаў з храма, прайшоўшы сярод іх, і пайшоў далей.