1. Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці - намасьціць Яго. 2. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца, 3. і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй? 4. І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі. 5. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся. 6. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены. 7. Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам. 8. І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
1-е пасланьне да Карынцянаў 6.12-20
12. Усё мне можна, ды ня ўсё на карысьць; усё мне можна, але нішто не павінна валодаць мною. 13. Ежа для чэрава, а чэрава для ежы; але Бог зьнішчыць і тое і другое. А цела не для распусты, а для Госпада, і Гасподзь для цела. 14. Бог уваскрэсіў Госпада, уваскрэсіць і нас сілаю Сваёю. 15. Хіба ня ведаеце, што целы вашыя - чэлесы Хрыстовыя? Дык вось, ці адны чэлесы ў Хрыста, каб зрабіць іх чэлесамі распусьніцы? Хай ня будзе! 16. Альбо ня ведаеце, што той, хто паруецца з распусьніцаю, робіцца адным целам зь ёю; бо сказана: «двое будуць адна плоць». 17. А хто яднаецца з Госпадам, ёсьць адзін дух (з Госпадам). 18. Унікайце распусты; усякі грэх, які ўчыняе чалавек, ёсьць па-за целам, а распусьнік грэшыць супраць свайго цела. 19. Ці ня ведаеце, што целы вашыя - храм Сьвятога Духа, Які ў вас жыве, Якога маеце вы ад Бога, і вы не належыце сабе? 20. Бо вы куплены дарагою цаною. Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых і ў душах вашых, якія - Божыя.
Евангельле паводле Лукаша 15.11-32
11. Яшчэ сказаў: у аднаго чалавека было два сыны; 12. і сказаў малодшы бацьку: тата! дай мне належную мне долю маёмасьці. І бацька падзяліў ім маёмасьць. 13. Праз колькі дзён малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкі край і там распусьціў маёмасьць сваю, жывучы распусна. 14. А калі ён пражыў усё, настаў вялікі голад у той краіне, і ён апынуўся ў нястачы; 15. і пайшоў, прыстаў да аднаго жыхара той краіны, а той паслаў яго на палі свае пасьвіць сьвіньні; 16. і ён рады быў напоўніць чэрава сваё струкамі, якія елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму. 17. Апамятаўшыся, сказаў: колькі парабкаў у бацькі майго маюць лішкі хлеба, ая паміраю з голаду! 18. Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: тата! я зграшыў супроць неба іперад табою, 19. і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прымі мяне ў лік парабкаў тваіх. 20. Устаў і пайшоў да бацькі свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і ўмілажаліўся; і пабегшы, упаў яму на шыю і пацалаваў яго. 21. А сын сказаў яму: тата! я зграшыў супроць неба і перад табою, і ўжо ня варты называцца сынам тваім. 22. А бацька сказаў рабам сваім: прынясеце найлепшую вопратку і апранеце яго, і дайце пярсьцёнак на руку яму і абутак на ногі; 23. і прывядзеце ўкормленае цяля і закалеце: будзем есьці і весяліцца, 24. бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца. 25. А старэйшы сын ягоны быў на полі; і вяртаючыся, калі наблізіўся да дома, пачуў сьпевы і весялосьць; 26. і паклікаўшы аднаго слугу, спытаўся: што гэта такое? 27. Той сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў укормленае цяля, бо прыняў яго здаровага. 28. Ён угневаўся і не хацеў увайсьці. А бацька, выйшаўшы, клікаў яго. 29. Але ён сказаў у адказ бацьку: вось, я столькі гадоў служу табе і ніколі не пераступаў загаду твайго, але ты ніколі ня даў мне і казьляняці, каб мне павесяліцца зь сябрамі маімі; 30. а калі сын твой, вось гэты, распусьціўшы маёмасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў яму ўкормленае цяля. 31. А ён сказаў яму: сыне мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё ёсьць тваё; 32. а з таго трэба было радавацца і весяліцца, што брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся.