20. Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць? 21. І мы маем ад Яго такі наказ, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго. 1. Кожны, хто верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць Таго, Хто нарадзіў, любіць народжанага ад Яго. 2. Што мы любім дзяцей Божых, спазнаём з таго, калі любім Бога і трымаемся запаведзяў Ягоных. 3. Бо гэта ёсьць любоў да Бога, каб мы трымаліся запаведзяў Ягоных; і запаведзі Ягоныя ня цяжкія. 4. Бо кожны народжаны ад Бога, перамагае сьвет; і гэта ёсьць перамога, якая перамагла сьвет, - вера нашая. 5. Хто перамагае сьвет, як ня той, які верыць, што Ісус ёсьць Сын Божы? 6. Гэты ёсьць Ісус Хрыстос, Які прыйшоў вадою і крывёю (і Духам), не вадою толькі, а вадою і крывёю; і Дух сьведчыць пра Яго, бо Дух ёсьць ісьціна. 7. Бо тры сьведчаць на небе: Айцец, Слова і Сьвяты Дух; і гэтыя Тры - Адно. 8. І тры сьведчаць на зямлі: дух, вада і кроў: і гэтыя тры пра адно. 9. Калі мы прымаем сьведчаньне людзкое, сьведчаньне Божае - большае, бо гэта ёсьць сьведчаньне Божае, якім Бог сьведчыў пра Сына Свайго. 10. Хто веруе ў Сына Божага, мае сьведчаньне ў самім сабе; хто ня веруе ў Бога, той робіць Яго ілжывым, бо ня верыць у сьведчаньне, якім Бог сьведчыў пра Сына Свайго. 11. Сьведчаньне гэтае ў тым, што Бог дараваў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё ў Сыне Ягоным. 12. Хто мае Сына (Божага), мае жыцьцё; хто ня мае Сына Божага, ня мае жыцьця. 13. Гэта напісаў вам я, хто верыць у імя Сына Божага, каб вы ведалі, што вы, веруючы ў Сына Божага, маеце жыцьцё вечнае. 14. І вось, якую адвагу мы маем перад Ім, што, калі просім чаго па волі Ягонай, Ён слухае нас; 15. А калі мы ведаем, што Ён слухае нас ва ўсім, чаго б мы ні прасілі, - ведаем і тое, што атрымліваем ад Яго, чаго просім. 16. Калі хто бачыць брата свайго, як ён учыняе грэх не на сьмерць, дык няхай моліцца, і Бог дасьць яму жыцьцё, яму, хто грэшыць не на сьмерць. Ёсьць грэх на сьмерць: не пра тое кажу, каб ён маліўся. 17. Усякая няпраўда ёсьць грэх, але ёсьць грэх не на сьмерць. 18. Мы ведаем, што кожны, народжаны ад Бога, ня грэшыць; а народжаны ад Бога захоўвае сябе, і ліхадзей не чапае яго. 19. Мы ведаем, што мы ад Бога, і што ўвесь сьвет ляжыць у зьле. 20. Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам (сьвятло і) розум, каб спазналі (Бога) сапраўднага і каб былі мы ў Сапраўдным Сыне Ягоным, Ісусе Хрысьце. Ён ёсьць Сапраўдны Бог і жыцьцё вечнае. 21. Дзеці! баранеце сябе ад ідалаў. Амін.
Евангельле паводле Марка 15.1-15
1. І адразу раніцай першасьвятары з старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сынедрыён зрабілі нараду і, зьвязаўшы Ісуса, завялі і перадалі Пілату. 2. Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? А Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш. 3. І першасьвятары вінавацілі Яго ў многім. 4. А Пілат зноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? бачыш, як многа супроць Цябе скаргаў. 5. Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, так што Пілат зьдзіўляўся. 6. А на кожнае сьвята ён адпускаў ім аднаго вязьня, за якога прасілі. 7. Тады быў у кайданах нейкі Варава, са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства. 8. І люд пачаў крычаць і прасіць у Пілата таго, што ён заўсёды рабіў ім. 9. Ён сказаў ім у адказ: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага? 10. Бо ведаў, што першасьвятары выдалі Яго з зайздрасьці. 11. Але першасьвятары падбухторылі людзей прасіць, каб адпусьціў ім лепей Вараву. 12. Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: а што хочаце, каб я зрабіў з Тым, Якога вы называеце Царом Юдэйскім? 13. Яны зноў закрычалі: укрыжуй Яго! 14. Пілат сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней закрычалі: укрыжуй Яго! 15. Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусьціў ім Вараву, а Ісуса, бічаваўшы, аддаў на крыжаваньне.