1. Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці - намасьціць Яго. 2. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца, 3. і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй? 4. І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі. 5. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся. 6. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены. 7. Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам. 8. І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
1-е пасланьне да Карынцянаў 8.8-9.2
8. Ежа не набліжае нас да Бога: бо, ці мы ямо, нічога не набываем; ці не ямо, нічога ня трацім. 9. Пільнуйцеся, аднак, каб гэтая свабода вашая ня спрычыніла падзеньня нямоглых. 10. Бо, калі хто-небудзь убачыць, што ты, маючы разуменьне, сядзіш за сталом у капішчы, дык сумленьне ягонае, як нямоглага, ці ж не падахвоціць яго есьці ідалаахвярнае? 11. І ад разуменьня твайго загіне нямоглы брат, за якога памёр Хрыстос. 12. А зграшаючы так супроць братоў і ранячы нямоглае сумленьне іхняе, вы грашыце супроць Хрыста. 13. І таму, калі ежа спакушае брата майго, ня буду есьці мяса вавек, каб не спакушаць брата майго. 1. Ці не апостал я? Ці ня вольны я? Ці ня бачыў я Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці не мая дзея вы ў Госпадзе? 2. Калі іншым я не апостал, дык для вас апостал, бо пячаць майго апостальства - вы ў Госпадзе.
Евангельле паводле Мацьвея 25.31-46
31. Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя анёлы зь Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй, 32. і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў; 33. і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў - леваруч. 34. Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: «Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету: 35. бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне; 36. быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне. 37. Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: «Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі? 38. калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі? 39. калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?». 40. І Цар скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне». 41. Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: «ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д’яблу і анёлам ягоным: 42. бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне; 43. быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне». 44. Тады і яны скажуць яму ў адказ: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?» 45. Тады скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне». 46. І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.