Памер шрыфту
Чытаньне за 24 лютага 2019:


Евангельле паводле Яна 20.1-10

1. У першы ж дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць да магілы раніцай, яшчэ прыцемкам, і бачыць, што камень адвалены ад магілы;
2. і вось бяжыць, і прыходзіць да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: зьнесьлі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе паклалі Яго.
3. Адразу выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы;
4. яны пабеглі абодва разам; але другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў да магілы першы,
5. і нахіліўшыся, убачыў палотны, якія там ляжалі: але не ўвайшоў у магілу.
6. Сьледам за ім прыходзіць Сымон Пётр, і ўваходзіць у магілу, і бачыць адны палотны, якія там ляжалі.
7. і хустку, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная, на іншым месцы.
8. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег раней да магілы, і ўбачыў, і ўвераваў;
9. бо яны яшчэ ня ведалі з Пісаньня, што Яму належала паўстаць зь мёртвых.
10. І вось, вучні зноў вярнуліся да сябе.

1-е пасланьне да Карынцянаў 8.8-9.2

8. Ежа не набліжае нас да Бога: бо, ці мы ямо, нічога не набываем; ці не ямо, нічога ня трацім.
9. Пільнуйцеся, аднак, каб гэтая свабода вашая ня спрычыніла падзеньня нямоглых.
10. Бо, калі хто-небудзь убачыць, што ты, маючы разуменьне, сядзіш за сталом у капішчы, дык сумленьне ягонае, як нямоглага, ці ж не падахвоціць яго есьці ідалаахвярнае?
11. І ад разуменьня твайго загіне нямоглы брат, за якога памёр Хрыстос.
12. А зграшаючы так супроць братоў і ранячы нямоглае сумленьне іхняе, вы грашыце супроць Хрыста.
13. І таму, калі ежа спакушае брата майго, ня буду есьці мяса вавек, каб не спакушаць брата майго.
1. Ці не апостал я? Ці ня вольны я? Ці ня бачыў я Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці не мая дзея вы ў Госпадзе?
2. Калі іншым я не апостал, дык для вас апостал, бо пячаць майго апостальства - вы ў Госпадзе.

Евангельле паводле Мацьвея 25.31-46

31. Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя анёлы зь Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй,
32. і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;
33. і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў - леваруч.
34. Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: «Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету:
35. бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне;
36. быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.
37. Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: «Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі?
38. калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі?
39. калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?».
40. І Цар скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне».
41. Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: «ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д'яблу і анёлам ягоным:
42. бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне;
43. быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне».
44. Тады і яны скажуць яму ў адказ: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?»
45. Тады скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне».
46. І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.