11. Гора ім, бо ідуць дарогай Каінавай, упадаюць у змусту зьдзірства, як Валаам, і ў зацятасьці гінуць, як Карэй. 12. Такія бываюць спакусай на вашых вячэрах любові: банкетуючы з вамі, бяз страху напасваюцца; гэта - бязводныя хмары, што вецер носіць; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памерлыя, выкарчаваныя; 13. раз’юшаныя марскія хвалі, што з шумавіньнем выкідаюць сваю брыду, зоркі вандроўныя, якіх трымае морак цемрыва навекі. 14. Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: вось, ідзе Гасподзь з процьмаю сьвятых анёлаў Сваіх - 15. чыніць суд над усімі і выкрыць усіх сярод іх бязбожных ва ўсіх справах, якія ад бязбожнасьці іхняй, і за ўсе жорсткія словы, якімі ганілі Яго бязбожныя грэшнікі. 16. Гэта - наракальнікі, нічым не задаволеныя, што ходзяць у сваіх пажадлівасьцях (бязбожна і беззаконна); вусны іхнія вымаўляюць пыхлівыя словы; і зважаюць на асобы з карысьлівасьці. 17. Але вы, любасныя, памятайце прадказанае апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста; 18. яны казалі вам, што апошнім часам зьявяцца агуднікі, якія будуць хадзіць у сваіх бязбожных пахацінствах. 19. Гэта - людзі, якія адлучаюць сябе (ад адзінства веры), душэўныя, але бяз духу. 20. А вы, любасныя, будуючыся на найсьвяцейшай веры нашай, молячыся Духам Сьвятым, 21. захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы міласьці ад Госпада нашага Ісуса Хрыста, на вечнае жыцьцё; 22. і да адных будзьце літасьцівыя, з разважлівасьцю; 23. а другіх страхам ратуйце, вырываючы з вагню, выкрывайце са страхам, пагарджаючы нават вопраткаю, якая апаганена целам. 24. А Таму, Хто можа захаваць вас ад падзеньня і паставіць перад славаю Сваёю беспахібнымі ў радасьці, 25. адзінаму, самаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму празь Ісуса Хрыста Госпада нашага, слава: веліч, сіла і ўлада перад усімі вякамі, сёньня і ўсявечна. Амін.
Евангельле паводле Лукаша 23.1-34, 44-56
1. І паднялося ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата, 2. І пачалі вінаваціць Яго, кажучы: мы знайшлі, што Ён разбэшчвае народ наш і забараняе даваць падатак кесару, называючы Сябе Хрыстом Царом. 3. Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш. 4. Пілат сказаў першасьвятарам і народу: я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку. 5. Але яны настойвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі да гэтай мясьціны. 6. Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба Ён Галілеянін? 7. І даведаўшыся, што Ён з вобласьці Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні быў таксама ў Ерусаліме. 8. Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, таму што шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць ад Яго які-небудзь цуд, 9. і задаваў Яму многія пытаньні: але Ён нічога не адказваў яму. 10. А першасьвятары і кніжнікі стаялі і зацята вінавацілі Яго. 11. Але Ірад са сваімі воямі, прынізіўшы яго і паглуміўшыся зь Яго, апрануў яго ў сьветлую вопратку і паслаў назад да Пілата. 12. І спрыяціліся ў той дзень Пілат зь Ірадам паміж сабою, бо раней былі ў варожасьці адзін з адным. 13. А Пілат, склікаўшы першасьвятароў і начальнікаў і людзей, 14. сказаў ім: вы прывялі да мяне Чалавека Гэтага, што нібыта разбэшчвае люд; і вось, я пры вас расьсьледаваў і не знайшоў Чалавека Гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы Яго вінаваціце; 15. і Ірад таксама: бо я пасылаў Яго да яго; і нічога ня знойдзена ў Ім вартага сьмерці; 16. дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу. 17. А яму і трэба было дзеля сьвята адпусьціць і аднаго вязьня. 18. Але ўвесь люд закрычаў: сьмерць Яму! а адпусьці нам Вараву. 19. Варава быў пасаджаны ў цямніцу за ўчыненую ў горадзе смуту і забойства. 20. Пілат зноў узвысіў голас, хочучы адпусьціць Ісуса. 21. Але яны крычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго! 22. Ён трэйці раз сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? я нічога вартага сьмерці не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу. 23. Але яны і далей зь вялікім крыкам дамагаліся, каб Ён быў укрыжаваны; і перамог крык іхні і першасьвятароў. 24. І Пілат разважыў рабіць паводле іхняе просьбы, 25. і адпусьціў ім пасаджанага за смуту і забойства ў цямніцу, якога яны прасілі; а Ісуса аддаў на іхную волю. 26. І калі павялі Яго, дык, захапіўшы нейкага Сымона Кірынеяніна, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам. 27. І ішло за Ім вялікае мноства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. 28. А Ісус, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерусалімскія! ня плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых; 29. бо надыходзяць дні, калі скажуць: дабрашчасныя няплодныя, і ўлоньні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі! 30. Тады скажуць гарам: упадзеце на нас! і пагоркам: накрыйце нас! 31. бо, калі з зазелянелым дрэвам гэта робяць, дык з сухім што будзе? 32. Вялі зь Ім на сьмерць і двух зладзеяў. 33. І калі прыйшлі на месца, называнае Лобным, там укрыжавалі Яго і зладзеяў, аднаго з правага, а другога зь левага боку. 34. А Ісус сказаў: Войча! даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць. І дзялілі адзежу Ягоную, кідаючы жэрабя. [...] 44. Было ж каля шостай гадзіны дня, і зрабілася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай: 45. і памеркла сонца, і завеса ў храме разадралася пасярэдзіне. 46. Ісус, усклікнуўшы вялікім голасам, сказаў: Войча! у рукі Твае аддаю дух Мой. І сказаўшы гэта, выпусьціў дух. 47. А сотнік, бачачы, што адбылося, уславіў Бога і сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў праведнік. 48. І ўвесь люд, што сыйшоўся на гэта відовішча, бачачы, што адбывалася, вяртаўся, б’ючы сябе ў грудзі. 49. А ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія ішлі сьледам за Ім з Галілеі, стаялі воддаль і глядзелі на гэта. 50. Тады нехта, на імя Язэп, сябра рады, чалавек добры і праўдзівы, 51. які ня браў удзелу ў радзе і ў справе іхняй, з Арыматэі, горада Юдэйскага, які таксама чакаў Царства Божага, 52. прыйшоў да Пілата і прасіў Цела Ісусавага; 53. і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў яго ў магіле, высечанай у скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пакладзены. 54. Дзень той быў пятніца, і настала субота. 55. Пасьледавалі таксама і жанчыны, якія прыйшлі зь Ісусам з Галілеі, і глядзелі магілу, і як ускладалася Цела Ягонае; 56. а вярнуўшыся, прыгатавалі пахошчы і масьці; і ў суботу засталіся ў спакоі паводле запаведзі.