9. Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў. 10. Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі; 11. але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, - не паверылі. 12. Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча. 13. І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі. 14. Нарэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны ўзьляжалі на вячэры, і дакараў іх за няверства і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскрэслага. 15. І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню. 16. Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе. 17. Тым, што ўверуюць, дадзены будуць гэтыя азнакі: імем Маім будуць выганяць нячыстых, будуць гаварыць новымі мовамі; 18. будуць браць зьмей; і калі што сьмертагубнае вып’юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя. 19. І так Гасподзь, пасьля гутаркі зь імі, узьнёсься на неба і сеў праваруч Бога. 20. А яны пайшлі і прапаведавалі ўсюды, пры Гасподнім садзеяньні і падмацаваньні слова наступнымі азнакамі. Амін.
Пасланьне да Рымлянаў 13.11-14.4
11. Так рабеце, ведаючы час, што пара ўжо нам прачнуцца ад сну. Бо сёньня бліжэй да нас выратаваньне, чым тады, калі мы ўверавалі. 12. Ноч прайшла, а дзень наблізіўся: дык вось, адкінем дзеі цямна і апранемся ў зброю сьвятла. 13. Як удзень, будзем паводзіць сябе прыстойна: ні ў аб’ядзеньні і п’янстве, ні ў распусьце і блудзе, ні ў свары і зайздрасьці; 14. але апранецеся ў Госпада (нашага) Ісуса Хрыста, і клопат пра цела не ператварайце ў пахаценьні. 1. Нямоглага ў веры прымайце бяз спрэчкі пра погляды ягоныя. 2. Бо адзін ўпэўнены, што можна есьці ўсё, а нямоглы есьць гародніну. 3. Хто есьць, не прыніжай таго, хто ня есьць; і хто ня есьць, не асуджай таго, хто есьць: бо Бог прыняў яго. 4. Хто ты, што асуджаеш чужога раба? Перад сваім гаспадаром стаіць ён ці падае; і будзе пастаўлены, бо моцны Бог, каб паставіць яго.
Евангельле паводле Мацьвея 6.14-21
14. Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіны іх, дык даруе і вам Айцец ваш Нябесны; 15. а як ня будзеце дараваць людзям іх правінаў, дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых. 16. І калі посьціце, ня будзьце заняпалыя, як крывадушнікі; бо яны памрочваюць абліччы свае, каб паказаць сябе людзям посьнікамі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю. 17. А ты, калі посьцішся, намасьці галаву тваю і ўмый аблічча тваё, 18. каб явіцца посьнікам не перад людзьмі, а перад Айцом тваім, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве. 19. Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць: 20. а зьбірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа ня зьнішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і ня крадуць; 21. бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.