1. А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя пахошчы, прыйшлі яны да магілы, і разам зь імі некаторыя іншыя; 2. але знайшлі камень адвалены ад магілы, 3. і ўвайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса. 4. Калі ж яны зьнедаўмяваліся з гэтага, раптам паўсталі перад імі два мужы ўстроях бліскучых. 5. І калі яны былі ў страху і схілілі абліччы свае да зямлі, - сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? 6. Яго няма тут: Ён уваскрэс; успомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, 7. кажучы, што Сын Чалавечы мае быць аддадзены ў рукі людзям грэшным, і быць укрыжаваным, і на трэйці дзень уваскрэснуць. 8. І ўзгадалі яны словы Ягоныя 9. і, вярнуўшыся ад магілы, абвясьцілі ўсё гэта адзінаццацём і ўсім астатнім. 10. То была Магдаліна Марыя, і Яна, і Марыя, маці Якава, і іншыя зь імі, якія сказалі пра гэта Апосталам. 11. І здаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім. 12. Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася.
Пасланьне да Рымлянаў 13.11-14.4
11. Так рабеце, ведаючы час, што пара ўжо нам прачнуцца ад сну. Бо сёньня бліжэй да нас выратаваньне, чым тады, калі мы ўверавалі. 12. Ноч прайшла, а дзень наблізіўся: дык вось, адкінем дзеі цямна і апранемся ў зброю сьвятла. 13. Як удзень, будзем паводзіць сябе прыстойна: ні ў аб’ядзеньні і п’янстве, ні ў распусьце і блудзе, ні ў свары і зайздрасьці; 14. але апранецеся ў Госпада (нашага) Ісуса Хрыста, і клопат пра цела не ператварайце ў пахаценьні. 1. Нямоглага ў веры прымайце бяз спрэчкі пра погляды ягоныя. 2. Бо адзін ўпэўнены, што можна есьці ўсё, а нямоглы есьць гародніну. 3. Хто есьць, не прыніжай таго, хто ня есьць; і хто ня есьць, не асуджай таго, хто есьць: бо Бог прыняў яго. 4. Хто ты, што асуджаеш чужога раба? Перад сваім гаспадаром стаіць ён ці падае; і будзе пастаўлены, бо моцны Бог, каб паставіць яго.
Евангельле паводле Мацьвея 6.14-21
14. Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіны іх, дык даруе і вам Айцец ваш Нябесны; 15. а як ня будзеце дараваць людзям іх правінаў, дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых. 16. І калі посьціце, ня будзьце заняпалыя, як крывадушнікі; бо яны памрочваюць абліччы свае, каб паказаць сябе людзям посьнікамі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю. 17. А ты, калі посьцішся, намасьці галаву тваю і ўмый аблічча тваё, 18. каб явіцца посьнікам не перад людзьмі, а перад Айцом тваім, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве. 19. Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць: 20. а зьбірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа ня зьнішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і ня крадуць; 21. бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.