Памер шрыфту
Чытаньне за 3 сакавіка 2019:


Евангельле паводле Яна 20.11-18

11. А Марыя стаяла каля магілы і плакала; і калі плакала, нахілілася да магілы
12. і бачыць двух анёлаў, у белым адзеньні сядзяць, адзін у галовах, другі каля ног, дзе ляжала Цела Ісусава.
13. І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты плачаш? Кажа ім: зьнесьлі Госпада майго, і ня ведаю, дзе паклалі Яго.
14. Сказаўшы гэта, абярнулася і ўбачыла - стаіць Ісус; ды не пазнала, што гэта Ісус.
15. Ісус кажа ёй: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: спадару! калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго.
16. Ісус кажа ёй: Марыя! Яна, абярнуўшыся, кажа Яму: Раввуні! - што азначае: Настаўнік!
17. Ісус кажа ёй: не кранайся Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго; а ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага.
18. Марыя Магдаліна ідзе і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй.

Пасланьне да Рымлянаў 13.11-14.4

11. Так рабеце, ведаючы час, што пара ўжо нам прачнуцца ад сну. Бо сёньня бліжэй да нас выратаваньне, чым тады, калі мы ўверавалі.
12. Ноч прайшла, а дзень наблізіўся: дык вось, адкінем дзеі цямна і апранемся ў зброю сьвятла.
13. Як удзень, будзем паводзіць сябе прыстойна: ні ў аб'ядзеньні і п'янстве, ні ў распусьце і блудзе, ні ў свары і зайздрасьці;
14. але апранецеся ў Госпада (нашага) Ісуса Хрыста, і клопат пра цела не ператварайце ў пахаценьні.
1. Нямоглага ў веры прымайце бяз спрэчкі пра погляды ягоныя.
2. Бо адзін ўпэўнены, што можна есьці ўсё, а нямоглы есьць гародніну.
3. Хто есьць, не прыніжай таго, хто ня есьць; і хто ня есьць, не асуджай таго, хто есьць: бо Бог прыняў яго.
4. Хто ты, што асуджаеш чужога раба? Перад сваім гаспадаром стаіць ён ці падае; і будзе пастаўлены, бо моцны Бог, каб паставіць яго.

Евангельле паводле Мацьвея 6.14-21

14. Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіны іх, дык даруе і вам Айцец ваш Нябесны;
15. а як ня будзеце дараваць людзям іх правінаў, дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.
16. І калі посьціце, ня будзьце заняпалыя, як крывадушнікі; бо яны памрочваюць абліччы свае, каб паказаць сябе людзям посьнікамі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.
17. А ты, калі посьцішся, намасьці галаву тваю і ўмый аблічча тваё,
18. каб явіцца посьнікам не перад людзьмі, а перад Айцом тваім, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.
19. Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць:
20. а зьбірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа ня зьнішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і ня крадуць;
21. бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.