4. Вось паходжаньне неба і зямлі, пры стварэньні іх, у той час, калі Гасподзь Бог стварыў зямлю і неба, 5. і ўсякі польны хмызьняк, якога яшчэ ня было на зямлі, і ўсякую польную траву, якая яшчэ не расла; бо Гасподзь Бог не пасылаў дажджу на зямлю, і ня было чалавека, каб урабляць зямлю; 6. але пара падымалася зь зямлі і расіла ўсё ўлоньне зямлі. 7. І стварыў Гасподзь Бог чалавека з пылу зямнога і ўдыхнуў у твар ягоны дыханьне жыцьця, і зрабіўся чалавек душою жывою. 8. І пасадзіў Гасподзь Бог рай у Эдэме на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога стварыў. 9. І выгадаваў Гасподзь Бог зь зямлі кожнае дрэва прыемнае з выгляду і добрае ў ежу, і дрэва жыцьця пасярод раю, і дрэва спазнаньня дабра і зла. 10. З Эдэма выплывала рака на арашэньне раю; і потым разьдзялялася на чатыры ракі. 11. Імя адной Фісон: яна абцякае ўсю зямлю Хавіла, тую, дзе золата; 12. і золата той зямлі добрае; там бдолах і камень анікс. 13. Імя другой ракі Гіхон (Геон): яна абцякае ўсю зямлю Куш. 14. Імя трэцяй ракі Хідэкель (Тыгр): яна працякае перад Асырыяй. Чацьвёртая рака Еўфрат. 15. І ўзяў Гасподзь Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго. 16. І наказаў Гасподзь Бог чалавеку, кажучы: з кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці; 17. а з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж зь яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш зь яго, сьмерцю памрэш. 18. І сказаў Гасподзь Бог: нядобра быць чалавеку аднаму; створым яму памочніка, адпаведнага яму. 19. Гасподзь Бог утварыў зь зямлі ўсіх жывёл польных і ўсіх птушак нябесных, і прывёў іх да чалавека, каб бачыць, як ён іх назаве, і каб, як назаве чалавек кожную душу жывую, так і было імя ёй.
Кніга Выслоўяў Саламонавых 3.1-18
1. Сыне мой! навукі маёй не забывай, і запаведзі мае хай захоўвае сэрца тваё; 2. бо даўжыні дзён, гадоў жыцьця і міру яны памножаць табе. 3. Літасьцівасьць і праўда хай не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю тваю, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго: 4. і здабудзеш мудрасьць і ласку ў вачах Бога і людзей. 5. Спадзявайся на Госпада ўсім сэрцам тваім і не кладзі надзеі на розум твой. 6. На ўсіх дарогах тваіх спазнавай Яго, і Ён выпрастуе шляхі твае. 7. Ня будзь мудрацом у вачах тваіх; бойся Госпада, і пазьбягай ліха; 8. Гэта будзе здароўе целу твайму і ежа касьцям тваім. 9. Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх; 10. і напоўняцца засекі твае зь верхам, і чавільні твае будуць налівацца новым віном. 11. Пакараньня Гасподняга, сыне мой, не адхіляй, і ня лічы за лішніцу перасьцярогі Ягоныя; 12. бо, каго любіць Гасподзь, таго карае і дабра зычыць таму, як бацька сыну свайму. 13. Шчасны той чалавек, які надбаў мудрасьць, і чалавек, які здабыў розум! 14. Бо здабываньне яе лепшае за здабываньне срэбра, і прыбытку зь яе больш, чым ад золата. 15. Яна даражэйшая за каштоўныя камяні; і нішто з таго, што жадана табе, не зраўняецца зь ёю. 16. Даўгадзённасьць у правіцы ў яе, а ў лявіцы багацьце і слава; 17. шляхі яе - шляхі прыемнасьці, і ўсе сьцежкі яе - мірныя. 18. Яна - дрэва жыцьця тым, што называюць яе, - і шчасныя тыя, што маюць яе!