12. Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася. 13. У той самы дзень двое зь іх ішлі ў селішча, што адлягала стадый на шэсьцьдзясят ад Ерусаліма, называнае імаус. 14. і размаўлялі паміж сабою пра ўсе гэтыя падзеі. 15. І калі яны размаўлялі і разважалі паміж сабою, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў зь імі; 16. але вочы ў іх былі заслоненыя, так што яны не пазналі Яго. 17. І Ён сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы, разважаеце паміж сабою, і чаго вы засмучаныя? 18. Адзін зь іх, на імя Клеопа, сказаў Яму ў адказ: няўжо ты адзін з тых, што прыйшлі ў Ерусалім, ня ведаеш, што адбылося ў ім гэтымі днямі? 19. І сказаў ім: штоо Яны сказалі Яму: што было зь Ісусам Назаранінам, Які быў прарок, моцны ў дзеі і ў слове перад Богам і ўсім народам; 20. як выдалі яго першасьвятары і начальнікі нашыя на засуджэньне на сьмерць і ўкрыжавалі Яго; 21. а мы спадзяваліся былі, што Ён ёсьць Той, Хто павінен уратаваць Ізраіля; але разам з усім тым, ужо трэйці дзень сёньня, як гэта сталася; 22. але і некаторыя жанчыны з нашых падзівілі нас: яны былі раніцай каля магілы 23. і не знайшлі Цела Ягонага, і прыйшоўшы, маўлялі, што бачылі зьяўленьне анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы; 24. і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і засталі ўсё так, як і жанчыны казалі; але Яго ня бачылі. 25. Тады Ён сказаў ім: о, няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што прадказвалі прарокі! 26. Ці ж ня так і належала пацярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю? 27. І пачаўшы ад Майсея, з усіх прарокаў тлумачыў ім сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні. 28. І наблізіліся яны да таго селішча, у якое ішлі; і Ён паказаў ім выглядам, што хоча ісьці далей; 29. але яны стрымлівалі яго, кажучы: застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся на вечар. І Ён увайшоў і застаўся зь імі. 30. І калі Ён узьляжаў зь імі, дык, узяўшы хлеб, дабраславіў, пераламаў і падаў ім, 31. тады разамкнуліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён зрабіўся нябачны ім. 32. І яны сказалі адзін аднаму: ці ж не палала ў нас сэрца наша, калі Ён казаў нам на дарозе і калі тлумачыў нам Пісаньне? 33. І ўстаўшы ў тую самую хвіліну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам адзінаццаць апосталаў і тых, што былі зь імі, 34. якія казалі, што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і зьявіўся Сымону. 35. І яны расказвалі пра здарэньне на дарозе, і як Ён быў пазнаны імі пры ламаньні хлеба.
Пасланьне да Габрэяў 11.24-26, 11.32-12.2
24. Вераю Майсей, у сталым веку, адмовіўся называцца сынам дачкі фараонавай, 25. і лепей захацеў пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую, грахоўную асалоду, 26. і зьневажаньне Хрыстовае палічыў большым сабе багацьцем, чым Егіпецкія скарбы; бо ён глядзеў на аддзяку. [...] 32. І што яшчэ скажу? Ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, пра Варака, пра Самсона і Яфая, пра Давіда, Самуіла і (іншых) прарокаў, 33. якія вераю перамагалі царствы, тварылі праўду, атрымлівалі абяцаньні, замыкалі пашчы львам, 34. тушылі сілу вагню, пазьбягалі вострага меча, мацаваліся ад немачы, былі моцныя на вайне, праганялі кагорты чужынцаў; 35. жонкі атрымлівалі нябожчыкаў сваіх уваскрэслымі; а іншыя замучаны былі, ня прыняўшы вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрэсеньне; 36. іншыя перанесьлі зьдзекі і пабоі, а таксама кайданы і цямніцу. 37. Былі пабіваныя камянямі, пілаваныя, катаваныя, паміралі ад меча, блукалі ў авечых і казіных скурах, цярпелі нястачы, уціскі, азлабленьне; 38. тыя, каго ўвесь сьвет ня быў варты, блукалі па пустынях і горах, па пячорах і цясьнінах зямных. 39. І ўсе гэтыя, засьведчаныя ў веры, не атрымалі абяцанага, 40. таму што Бог прадугледзеў нам нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасягнулі дасканаласьці. 1. Таму і мы, маючы вакол сябе такую хмару сьведкаў, скінем зь сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі, 2. гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.
Евангельле паводле Яна 1.43-51
43. На другі дзень Ісус захацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Піліпа і кажа яму: ідзі за Мною. 44. А Піліп быў зь Віфсаіды, з аднаго горада з Андрэем і Пятром. 45. Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Якога пісаў Майсей у законе і прарокі, Ісуса, сына Язэпавага, з Назарэта. 46. Але Натанаіл сказаў яму: з Назарэта ці ж можа быць што добрае? Піліп кажа яму: ідзі і паглядзі. 47. Ісус, убачыўшы Натанаіла, які ішоў да Яго, кажа пра яго: вось, сапраўдны Ізраільцянін, у якім няма зламыснасьці. 48. Натанаіл кажа Яму: чаму Ты ведаеш мяне? Ісус сказаў яму ў адказ: перш чым паклікаў цябе Піліп, калі ты быў пад смакоўніцаю, Я бачыў цябе. 49. Натанаіл адказваў Яму: Равьві! Ты - Сын Божы. Ты - Цар Ізраілеў. 50. Ісус сказаў яму ў адказ: ты верыш, бо Я табе сказаў: Я бачыў цябе пад смакоўніцаю; убачыш болей за гэта. 51. І кажа яму: праўду, праўду кажу вам: ад сёньня будзеце бачыць неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага.