21. І зрабіў Гасподзь Бог Адаму і жонцы яго вопратку скураную і апрануў іх. 22. І сказаў Гасподзь Бог: вось, Адам, зрабіўся як адзін з Нас, ведаючы дабро і зло; і цяпер як бы ні працягнуў руку сваю, і ня ўзяў таксама ад дрэва жыцьця, і не пакаштаваў, і не пачаў жыць вечна. 23. І выслаў яго Гасподзь Бог з саду Эдэмскага, каб урабляў зямлю, зь якое ён узяты. 24. І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага хэрувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця. * Ева — жыцьцё 1. Адам спазнаў Еву, жонку сваю; і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: здабыла я чалавека ад Госпада. 2. І яшчэ нарадзіла брата ягонага, Авеля. І быў Авель пастух авечак, а Каін быў земляроб. 3. Празь некаторы час Каін прынёс ад пладоў зямлі дар Госпаду; 4. і Авель таксама прынёс ад першародных статку свайго і ад тлушчу іхняга. І прыхінуўся Гасподзь да Авеля і да дару ягонага; 5. а да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся. Каін моцна засмуціўся, і панік твар ягоны. 6. І сказаў Гасподзь Каіну: чаго ты засмуціўся? і чаго панік твар твой? 7. калі робіш добрае, дык ці не падымаеш твару? а калі ня робіш добрага, дык пад дзьвярыма грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім.
Кніга Выслоўяў Саламонавых 3.34-4.22
34. Калі з блюзьнераў Ён насьміхаецца, дык пакорным дае мілату. 35. Мудрыя спадкуюць славу, а непапраўныя немысьлі - ганьбу. 1. Слухайце, дзеці, настаўленьня бацькавага, і зважайце, каб навучыцца розуму; 2. бо я дам вам добрую навуку. Не адкідайце наказу майго. 3. Бо і я быў сын у бацькі майго, пяшчотна любімы і адзіны ў маці маёй. 4. І ён вучыў мяне і казаў мне: хай будуць у сэрцы тваім словы мае; захоўвай наказы мае і жыві. 5. Здабывай мудрасьць, набывай розум; не забывай гэтага і ня цурайся слоў маіх, а кіруйся імі! 6. Не адкідай яе, і яна будзе ахоўваць цябе; любі яе, і яна будзе цябе берагчы. 7. Аснова мудрасьці: набывай мудрасьць і за ўсё, што маеш, набывай розум. 8. Высока цані яе, і яна ацэніць цябе; яна акрые славай цябе, калі ты прыгорнеш яе; 9. ускладзе на галаву тваю прыгожы вянок, падаруе табе цудоўны вянок. 10. Слухай, сыне мой, і прымі словы мае, - і памножацца гады твайго жыцьця. 11. Я паказваю табе шлях мудрасьці, вяду цябе па сьцежках простых. 12. Калі пойдзеш, крокам тваім ня будзе завады, і калі пабяжыш, не спатыкнешся. 13. Моцна трымайся наказу, не адкідай, захоўвай яго; бо ён - жыцьцё тваё. 14. Ня выходзь на сьцежку бязбожнікаў, і не хадзі па дарозе ліхіх; 15. пакінь яе, не хадзі ёю, ухіляйся ад яе і праходзь міма. 16. бо яны не заснуць, пакуль ня ўчыняць ліхога; прападзе сон у іх, пакуль яны не давядуць каго да падзеньня; 17. бо яны ядуць хлеб беззаконьня і п’юць віно рабунку. 18. Сьцежка праведных - як сьвяціла прамяністае, якое болей і болей сьвятлее да поўнага дня. 19. А шлях бязбожных - як цемра; яны ня ведаюць, на што спатыкнуцца. 20. Сыне мой! слоў маіх слухайся, і да прамоваў маіх нахілі тваё вуха; 21. хай не адыдуць яны ад вачэй тваіх; захоўвай іх усярэдзіне сэрца твайго: 22. бо яны жыцьцё таму, хто знайшоў іх, і ацаленьне ўсяму яго целу.