16. І пайшоў Каін ад аблічча Гасподняга і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэма. 17. І спазнаў Каін жонку сваю; і яна зачала і нарадзіла Эноха. І пабудаваў ён горад; і назваў горад імем сына свайго: Энох. 18. У Эноха нарадзіўся Ірад; Ірад спарадзіў Мэхіяэля; Мэхіяэль спарадзіў Мафусала; Мафусал спарадзіў Ламэха. 19. І ўзяў сабе Ламэх дзьве жонкі: імя адной: Ада, і імя другой: Цыла. 20. Ада нарадзіла Явала: ён быў бацька тых, што жылі ў намётах са статкамі. 21. Імя брата ягонага Ювал: ён быў бацька ўсіх тых, што ігралі на гусьлях і жалейцы. 22. Цыла таксама нарадзіла Тувалкаіна, які быў кавалём усіх спарудаў зь медзі і жалеза. І сястра Тувалкаіна Наэма. 23. І сказаў Ламэх жонкам сваім: Ада і Цыла, паслухайце голасу майго; жонкі Ламэхавыя, уважайце словам маім: я забіў чалавека на пошасьць мне і хлопчыка на рану мне; 24. калі за Каіна адпомсьціцца ўсямікроць, дык за Ламэха ў семдзясят разоў сямікроць. 25. І спазнаў Адам яшчэ Еву, жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і дала яму імя: Сіф; бо, казала яна, Бог паклаў мне іншае насеньне, замест Авеля, якога забіў Каін. 26. У Сіфа таксама нарадзіўся сын, і ён даў яму імя: Энос; тады пачалі заклікаць імя Госпада.
Кніга Выслоўяў Саламонавых 5.15-6.3
15. Пі ваду з тваёй крыніцы, тую, якая цячэ з тваёй студні. 16. Хай не разьліваюцца крыніцы твае па вуліцы, патокі водаў - па плошчах; 17. хай яны будуць належаць табе самому, а ня чужым з табою. 18. Крыніца твая хай дабраславёная будзе; і радуйся з жанчынай тваёй маладосьці, 19. любаснаю касуляю і прыгожаю сарнаю; грудзі яе хай упояць цябе ў кожны час; каханьнем яе цешся заўсёды. 20. І навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцаю і абдымаць грудзі чужое? 21. Бо перад вачыма Госпада ўсе шляхі чалавека, і Ён прастуе ўсе сьцежкі яго. 22. Беззаконнага ловяць уласныя беззаконьні яго, і путамі грэху свайго ён павязаны. 23. Ён памірацьме без настаўленьня і ў вялікай сваёй неразумнасьці наблукаецца. 1. Сыне мой! калі ты паручыўся за блізкага свайго і даў руку тваю за другога, 2. і аблытаў сябе словамі вуснаў тваіх, злоўлены словамі вуснаў тваіх, 3. зрабі ж, сыне мой, вось што: вызваліся, бо ты трапіў у рукі блізкага твайго: ідзі, упадзі да ног і ўмольвай блізкага твайго;