16. І пайшоў Каін ад аблічча Гасподняга і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэма. 17. І спазнаў Каін жонку сваю; і яна зачала і нарадзіла Эноха. І пабудаваў ён горад; і назваў горад імем сына свайго: Энох. 18. У Эноха нарадзіўся Ірад; Ірад спарадзіў Мэхіяэля; Мэхіяэль спарадзіў Мафусала; Мафусал спарадзіў Ламэха. 19. І ўзяў сабе Ламэх дзьве жонкі: імя адной: Ада, і імя другой: Цыла. 20. Ада нарадзіла Явала: ён быў бацька тых, што жылі ў намётах са статкамі. 21. Імя брата ягонага Ювал: ён быў бацька ўсіх тых, што ігралі на гусьлях і жалейцы. 22. Цыла таксама нарадзіла Тувалкаіна, які быў кавалём усіх спарудаў зь медзі і жалеза. І сястра Тувалкаіна Наэма. 23. І сказаў Ламэх жонкам сваім: Ада і Цыла, паслухайце голасу майго; жонкі Ламэхавыя, уважайце словам маім: я забіў чалавека на пошасьць мне і хлопчыка на рану мне; 24. калі за Каіна адпомсьціцца ўсямікроць, дык за Ламэха ў семдзясят разоў сямікроць. 25. І спазнаў Адам яшчэ Еву, жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і дала яму імя: Сіф; бо, казала яна, Бог паклаў мне іншае насеньне, замест Авеля, якога забіў Каін. 26. У Сіфа таксама нарадзіўся сын, і ён даў яму імя: Энос; тады пачалі заклікаць імя Госпада.
Кніга Выслоўяў Саламонавых 5.15-6.3
15. Пі ваду з тваёй крыніцы, тую, якая цячэ з тваёй студні. 16. Хай не разьліваюцца крыніцы твае па вуліцы, патокі водаў - па плошчах; 17. хай яны будуць належаць табе самому, а ня чужым з табою. 18. Крыніца твая хай дабраславёная будзе; і радуйся з жанчынай тваёй маладосьці, 19. любаснаю касуляю і прыгожаю сарнаю; грудзі яе хай упояць цябе ў кожны час; каханьнем яе цешся заўсёды. 20. І навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцаю і абдымаць грудзі чужое? 21. Бо перад вачыма Госпада ўсе шляхі чалавека, і Ён прастуе ўсе сьцежкі яго. 22. Беззаконнага ловяць уласныя беззаконьні яго, і путамі грэху свайго ён павязаны. 23. Ён памірацьме без настаўленьня і ў вялікай сваёй неразумнасьці наблукаецца. 1. Сыне мой! калі ты паручыўся за блізкага свайго і даў руку тваю за другога, 2. і аблытаў сябе словамі вуснаў тваіх, злоўлены словамі вуснаў тваіх, 3. зрабі ж, сыне мой, вось што: вызваліся, бо ты трапіў у рукі блізкага твайго: ідзі, упадзі да ног і ўмольвай блізкага твайго;
Пасланьне да Габрэяў 12.1-10
1. Таму і мы, маючы вакол сябе такую хмару сьведкаў, скінем зь сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі, 2. гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага. 3. Падумайце пра Таго, Хто перацерпеў такі над Сабою глум ад грэшнікаў, каб вам не зьнемагчы і не паслабіцца душамі вашымі. 4. Вы яшчэ не да крыві змагаліся, адольваючы грэх, 5. і забылі суцяшэньне, якое прапануецца вам, як сынам: «Сыне мой! не пагрэбуй караю Гасподняй і не маркоціся, калі Ён выкрывае цябе. 6. Бо Гасподзь, каго любіць, таго і карае; а б’е кожнага сына, якога прымае». 7. Калі вы прымаеце кару, дык Бог учыняе з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсьць які сын, якога б не караў бацька. 8. Калі ж застаяцеся без пакараньня, якое ўсім агульнае, дык вы - няпраўныя дзеці, а ня сыны. 9. Прытым, калі мы, караныя цялеснымі бацькамі нашымі, баяліся іх, дык ці ж не намнога больш павінны скарыцца Айцу духаў, каб жыць? 10. Тыя каралі нас самохаць на некалькі дзён; а Гэты - дзеля карысьці, каб мы мелі супольнасьць у сьвятасьці Ягонай.
Евангельле паводле Мацьвея 20.1-16
1. Бо Царства Нябеснае падобнае на гаспадара дома, які выйшаў на досьвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой. 2. І, згадзіўшы работніка па дынары ў дзень, паслаў іх у вінаграднік свой. 3. І выйшаўшы каля трэйцяй гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы, 4. і ім сказаў: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, дам вам. Яны пайшлі. 5. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны, зрабіў тое самае. 6. А, выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: што вы тут стаіце цэлы дзень бяз працы? 7. Яны кажуць яму: ніхто не наняў нас. Ён кажа ім: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, атрымаеце. 8. А калі зьвечарэла, кажа гаспадар вінаградніка наглядчыку свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых. 9. І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. 10. Тыя, што прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць; але атрымалі і яны па дынары. 11. І атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дома 12. і казалі: гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, і ты зраўняў іх з намі, а мы ж перанесьлі цяготу дня і сьпёку. 13. А ён у адказ сказаў аднаму зь іх: дружа! я ня крыўджу цябе; ці ж не за дынар ты дамовіўся са мною? 14. вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць што і табе; 15. хіба я ня маю ўлады рабіць што хачу ў сваім? ці вока тваё зайздросьлівае ад таго, што я добры? 16. Так будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі; бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.