1. І вось радавод Адама: калі Бог стварыў чалавека, паводле падабенства Божага стварыў яго, 2. мужчыну і жанчыну стварыў іх, і дабраславіў іх, і даў ім імя: чалавек, у дзень стварэньня іх. 3. Адам жыў сто трыццаць гадоў, і спарадзіў сына паводле падабенства свайго і паводле вобразу свайго, і даў яму імя: Сіф. 4. Дзён Адама пасьля нараджэньня ім Сіфа было васямсот гадоў, і спарадзіў ён сыноў і дачок. 5. А ўсіх дзён жыцьця Адамавага было дзевяцьсот трыццаць гадоў; і ён памёр. 6. Сіф жыў сто пяць гадоў і спарадзіў Эноса. 7. Пасьля нараджэньня Эноса Сіф жыў васямсот сем гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. 8. А ўсіх дзён Сіфавых было дзевяцьсот дванаццаць гадоў; і ён памёр. 9. Энос жыў дзевяноста гадоў і спарадзіў Каінана. 10. Пасьля нараджэньня Каінана Энос жыў васямсот пятнаццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. 11. А ўсіх дзён Эносавых было дзевяцьсот пяць гадоў; і ён памёр. 12. Каінан жыў семдзясят гадоў і спарадзіў Малелэіла. 13. Пасьля нараджэньня Малелэіла Каінан жыў васямсот сорак гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. 14. А ўсіх дзён Каінанавых было дзевяцьсот дзесяць гадоў; і ён памёр. 15. Малелэіл жыў шэсьцьдзясят пяць гадоў і спарадзіў Ярэда. 16. Пасьля нараджэньня Ярэда Малелэіл жыў васямсот трыццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. 17. А ўсіх дзён Малелэілавых было васямсот дзевяноста пяць гадоў; і ён памёр. 18. Ярэд жыў сто шэсьцьдзясят два гады і спарадзіў Эноха. 19. Пасьля нараджэньня Эноха Ярэд жыў сто восемдзесят гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. 20. А ўсіх дзён Ярэдавых было дзевяцьсот шэсьцьдзясят два гады; і ён памёр. 21. Энох жыў шэсьцьдзясят пяць гадоў і спарадзіў Мафусала. 22. І хадзіў Энох прад Богам, пасьля нараджэньня Мафусала, трыста гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. 23. А ўсіх дзён Эноха было трыста шэсьцьдзясят пяць гадоў. 24. І хадзіў Энох прад Богам; і ня стала яго, бо Бог узяў яго.
Кніга Выслоўяў Саламонавых 6.3-20
3. зрабі ж, сыне мой, вось што: вызваліся, бо ты трапіў у рукі блізкага твайго: ідзі, упадзі да ног і ўмольвай блізкага твайго; 4. не давай сну вачам тваім і дрымоты вейкам тваім; 5. ратуйся, як сарна з рукі, і як птушка з рукі птушкалова, 6. падыдзі да мурашкі, гультаю, паглядзі на шляхі яе, і будзь мудры. 7. Няма ў яе ні валадара, ні прыстаўленага, ані ўпраўцы; 8. а яна рыхтуе летам свой хлеб, зьбірае ў час жніва пракорм свой. 9. Дакуль ты, гультаю, будзеш ляжаць? калі ты ўстанеш ад сну твайго? 10. Крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху склаўшы рукі паляжыш: 11. і прыйдзе, нібы валацуга, беднасьць твая, і галеча твая, як разбойнік. 12. Чалавек падступны, чалавек бязбожны ходзіць зь ілжывымі вуснамі, 13. міргае вачыма сваімі, гаворыць нагамі сваімі, дае знакі пальцамі сваімі; 14. хітрына ў сэрцы ў яго, ён намышляе ліхое ва ўсякі час, сее разлад. 15. Таму зьнянацку прыйдзе пагібель яго, раптам будзе разьбіты - без ацаленьня. 16. Вось гэтыя шэсьць ненавідзіць Гасподзь, нават сем, - агіда душы Яго: 17. вочы ганарыстыя, язык хлусьлівы і рукі, што праліваюць нявінную кроў, 18. сэрца, якое куе ліхія намыслы, ногі, якія шпарка бягуць да ліхадзейства, 19. ілжывы сьведка, які хлусіць, і той, хто сее разлад між братамі. 20. Сыне мой! захоўвай запаведзі бацькі твайго і не адкідай настаўленьняў маці тваёй;