9. Вось жыцьцё Ноевае: Ной быў чалавек праведны і беззаганны ў родзе сваім; Ной хадзіў прад Богам. 10. Ной спарадзіў трох сыноў: Сіма, Хама і Яфэта. 11. Але зямля разбэсьцілася прад абліччам Божым і напоўнілася зямля злачынствамі. 12. І паглядзеў Гасподзь Бог на зямлю, і вось, яна разбэшчаная: бо ўсякая плоць скрывіла дарогу сваю на зямлі. 13. І сказаў Гасподзь Бог Ною: канец усякай плоці прыйшоў прад аблічча Маё, бо зямля напоўнілася ад іх зладзействамі; і вось, я вынішчу іх зь зямлі. 14. Зрабі сабе каўчэг з дрэва гофэр; адсекі зрабі ў каўчэзе і прасмалі яго смалою ўсярэдзіне і звонку. 15. І зрабі яго так: даўжыня каўчэга трыста локцяў; шырыня яго пяцьдзясят локцяў, а вышыня яго трыццаць локцяў. 16. І зрабі адтуліну ў каўчэзе, і ў локаць зьвядзі яе ўгары, і дзьверы ў каўчэг зрабі збоку яго; зладзь у ім ніжняе, другое і трэцяе жытло. 17. І вось, Я навяду на зямлю патоп водны, каб вынішчыць усякую плоць, у якой ёсьць дух жыцьця, пад нябёсамі: усё, што ёсьць на зямлі, пазбудзецца жыцьця. 18. Але з табою Я «станаўлю запавет Мой, і ўвойдзеш у каўчэг ты і сыны твае, і жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табою. 19. Увядзі таксама ў каўчэг з усіх жывёл, і ад кожнае плоці па пары, каб яны засталіся з табою жывыя; мужчынскага полу і жаночага хай яны будуць. 20. З птушак паводле роду іхняга, і з быдла паводле роду іхняга, і з усіх паўзуноў зямных паводле роду іхняга, з усіх па пары ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывыя. 21. А ты вазьмі сабе ўсякай ежы, якою кормяцца, і зьбяры да сябе; і будзе яна табе і ім ежаю. 22. І зрабіў Ной усё: як наказаў яму Гасподзь Бог, так ён і зрабіў.
Кніга Выслоўяў Саламонавых 8.1-21
1. Ці мудрасьць не заклікае? і ці розум ня ўзносіць свой голас? 2. Яна стаіць на ўзвышаных месцах, пры дарозе, на ростанях; 3. яна кліча каля гарадское брамы, дзе ўваходзяць у дзьверы: 4. «Да вас, людзі, даклікаюся я, і да сыноў чалавечых мой голас! 5. Навучэцеся, невукі, добрай разумнасьці, зразумейце вы розум, бязглуздыя. 6. Слухайце, бо я буду казаць важнае, і моўленьне вуснаў маіх - праўда; 7. Бо ісьціну вымавіць язык мой, а бязбожнасьць - гідота для вуснаў маіх; 8. усе словы вуснаў маіх слушныя; няма ў іх хітрыны і ашуканства; 9. усе яны простыя разумнаму і справядлівыя тым, хто здабыў веды. 10. Прымеце навуку маю, а ня срэбра; лепей веды, чым чыстае золата; 11. бо мудрасьць лепшая за перлы, і ўсё, чаго пажадаеш, не дараўнаецца зь ёю. 12. Я, мудрасьць, жыву з розумам, і шукаю спазнаньня ў разважлівага. 13. Страх Гасподні - ненавідзець зло; гонар і пыху і ліхія шляхі і падступныя вусны я ненавіджу. 14. У мяне рада і праўда: я розум, у мяне сіла. 15. Мною цары валадараць, і праўнікі ўзаконьваюць праўду. 16. Мною кіруюць уладыкі і вяльможы, і ўсе судзьдзі праведныя. 17. Хто любіць мяне, тых я люблю, і хто шукае мяне, знойдуць мяне; 18. багацьце і слава са мною - скарб нятленны, і праўда; 19. плады мае лепшыя за золата, і золата самага чыстага, і карысьці ад мяне болей, чым ад чыстага срэбра. 20. Я хаджу дарогаю праўды, сьцежкамі правасудзьдзя, 21. каб даць тым, хто мяне любіць, спадчыну дабра, і скарбніцы іхнія я напаўняю.