1. І сказаў Гасподзь Бог Ною: увайдзі ты і ўся сям’я твая ў каўчэг, бо цябе Я ўбачыў праведным прад Мною ў родзе гэтым; 2. і ўсякага быдла чыстага вазьмі па сем, мужчынскага полу і жаночага, а з быдла нячыстага па два, мужчынскага полу і жаночага; 3. таксама і з птушак нябесных чыстых па сем, мужчынскага полу і жаночага, каб захаваць племя на ўсю зямлю: 4. бо празь сем дзён Я буду выліваць дождж на зямлю сорак дзён і сорак ночаў; і вынішчу ўсё існае, што Я стварыў, з улоньня зямлі. 5. Ной зрабіў усё, што Гасподзь Бог наказаў яму.
Кніга Выслоўяў Саламонавых 8.32-9.11
32. Цяпер, дзеці, паслухайце мяне; і шчасныя тыя, што будуць ахоўваць шляхі мае! 33. Паслухайце настаўленьня, і мудрымі станьце, і не адступайцеся ад яго. 34. Шчасны той чалавек, які слухае мяне, чуваючы дзень у дзень каля варотаў маіх і вартуючы дзьверы мае! 35. Бо, хто знайшоў мяне, той знайшоў жыцьцё, і атрымае мілату ад Госпада; 36. а хто грэшыць супроць мяне, учыняе шкоду душы маёй: усе тыя, што ненавідзяць мяне, любяць сьмерць». 1. Мудрасьць збудавала сабе дом, высекла сем слупоў ягоных, 2. закалола ахвяру, разбавіла віно сваё і прыгатавала ў сябе гасьціну; 3. паслала слуг сваіх клікаць з вышыняў горада: 4. «хто неразумны, хай прыйдзе сюды!» А недавумкам сказала: 5. «ідзеце, ежце мой хлеб, і пеце віно, мною разбаўленае; 6. адкіньце дурноту, і будзем жыць і хадзіць дарогай разважлівасьці». 7. Не павучай блюзьнера, бо ганьбу сабе нажывеш, і хто асьцерагае бязбожніка - пляміць сябе. 8. Не асьцерагай блюзьнера, каб ён не зьненавідзеў цябе; асьцерагай мудрага, і ён палюбіць цябе; 9. дай настаўленьне мудраму, і ён яшчэ больш умудрыцца; навучы праўдалюбца, і ён памножыць веды. 10. Пачатак мудрасьці - страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога - розум; 11. бо мною памножацца дні твае і дадасца табе гадоў жыцьця.