4. І спыніўся каўчэг на сёмым месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарацкіх. 5. Вада спакваля ўбывала да дзясятага месяца; у першы дзень дзясятага месяца паказаліся вярхі гор. 6. Праз сорак дзён Ной адчыніў зробленае ім акно ў каўчэзе 7. і выпусьціў крумкача, які, вылецеўшы, адлятаў і прылятаў, пакуль не абсохла зямля ад вады. 8. Потым выпусьціў ад сябе голуба, каб бачыць, ці сышла вада з улоньня зямлі; 9. але голуб не знайшоў месца спакою нагам сваім і вярнуўся да яго ў каўчэг; бо вада была яшчэ на паверхні ўсёй зямлі; і ён працягнуў руку сваю, і ўзяў яго, і прыняў да сябе ў каўчэг. 10. І патрываў яшчэ сем дзён і зноў выпусьціў голуба з каўчэга. 11. Голуб вярнуўся да яго вечаровай парою, і вось, сьвежы аліўкавы ліст у дзюбе ў яго: і Ной даведаўся, што вада сышла зь зямлі. 12. Ён патрываў яшчэ сем дзён далей і выпусьціў голуба; і ён ужо не вярнуўся да яго. 13. На шэсьцьсот першым годзе пад першы дзень першага месяца счэзла вада на зямлі; і адкрыў Ной дах каўчэга і паглядзеў, і вось, абсохла паверхня зямлі. 14. І на другім месяцы, да дваццаць сёмага дня месяца, зямля высахла. 15. І сказаў Бог Ною: 16. выйдзі з каўчэга ты і жонка твая, і сыны твае і жонкі сыноў тваіх з табою; 17. выведзі з сабою ўсе жывёлы, якія з табою, ад усякае плоці, з птушак, і быдла, і ўсіх гадаў, якія поўзаюць па зямлі: хай разыдуцца яны па зямлі, і хай плодзяцца і множацца на зямлі. 18. І выйшаў Ной і сыны яго, і жонка яго і жонкі сыноў ягоных зь ім; 19. усе жывёлы, і ўсе гады, і ўсе птушкі, усё, што рухаецца па зямлі, паводле родаў сваіх, выйшлі з каўчэга. 20. І зладзіў Ной ахвярнік Госпаду; і ўзяў з усякага быдла чыстага і з усіх птушак чыстых і прынёс на цэласпаленьне на ахвярнік. 21. І нюхаў Гасподзь прыемныя пахошчы, і сказаў Гасподзь у сэрцы Сваім: ня буду больш праклінаць зямлю за чалавека, бо намысел сэрца чалавечага - зло ад маладосьці ягонай; і ня буду болей пабіваць усё жывое, як Я зрабіў:
Кніга Выслоўяў Саламонавых 10.31-11.12
31. З вуснаў праведніка крынічыць мудрасьць, а язык шкодлівы будзе вырваны. 32. Вусны праведніка любяць богаспадобнае, а вусны бязбожных - разбэшчанае. 1. Няправільныя вагі - агідныя Госпаду, а правільныя вагі ўпадабаньне Яму. 2. Прыйдзе пыхлівасьць, прыйдзе і ганьба; а са сьціплымі - мудрасьць. 3. Беззаганнасьць будзе кіраваць пабожнымі, а хітрасьць вераломных загубіць іх. 4. Не паможа багацьце ў дзень гневу; а праўда ўратуе ад сьмерці. 5. Праўда беззаганнага прастуе дарогу яму, а бязбожны ўпадзе ад бязбожнасьці сваёй. 6. Праўда пабожных ратуе іх, а бязбожнікі будуць злоўлены беззаконьнем сваім. 7. Надзея бязбожніка зьнікае пры сьмерці, і спадзяваньне бязбожных зьнікае. 8. Праведніку ёсьць ратунак зь нягоды, а замест яго трапляе ў яе бязбожны. 9. Вуснамі крывадушнік нішчыць блізкага свайго, а праведнікі празорлівасьцю ратуюцца. 10. З дабрадзенства праведнікаў радуецца горад, а як гіне бязбожны - сьпявае. 11. Дабраславеньнем праведных узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца. 12. Недавумак пагарджае блізкім сваім; а разумны чалавек маўчыць.