Памер шрыфту
Чытаньне за 9 сакавіка 2010:


Кніга Быцьця 9.8-17

8. І сказаў Бог Ною і сынам ягоным зь ім:
9. вось, Я станаўлю запавет Мой з вамі і з нашчадкамі вашымі пасьля вас,
10. і з усякаю душою жывою, якая з вамі, з птушкамі і з быдлам, і з усімі жывёламі зямнымі, якія ў вас, з усімі, што выйшлі з каўчэга, з усімі жывёламі зямнымі;
11. станаўлю запавет Мой з вамі, што ня будзе болей зьнішчана ніякая плоць водамі патопу, і ня будзе ўжо патопу на спусташэньне зямлі.
12. І сказаў Бог: вось азнака запавету, які Я станаўлю паміж мною і паміж вамі і паміж усякаю душою жывою, якая з вамі, у роды назаўсёды:
13. Я кладу вясёлку Маю ў воблаку, каб яна была азнакаю запавету паміж Мною іпаміж зямлёю.
14. І будзе, калі Я навяду воблака на зямлю, дык явіцца вясёлка ў воблаку;
15. і Я ўспомню запавет Мой, які паміж Мною і паміж вамі і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці; і ня будзе болей вада патопам на вынішчэньне ўсякай плоці.
16. І будзе вясёлка ў воблаку, і Я ўбачу яе, і ўспомню запавет вечны паміж Богам і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці, якая на зямлі.
17. І сказаў Бог Ною: вось азнака запавету, які Я паставіў паміж Мною і паміж усякаю плоцьцю, якая на зямлі.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 12.8-22

8. Хваляць чалавека паводле меры розуму ягонага, а распусны сэрцам будзе ў пагардзе.
9. Лепей быць простым, але мець працу, чым быць ганарыстым, але ня мець хлеба.
10. Праведны дбае і пра жыцьцё быдла свайго, а сэрца бязбожных жорсткае.
11. Хто ўрабляе зямлю сваю, насыціцца хлебам; а хто ідзе па сьлядах гультаёў, той розумам бедны.
12. Бязбожны хоча злавіць яго ў сетку зла; а корань праведных цьвёрды.
13. Бязбожны ловіцца грахамі вуснаў сваіх; а праведны выйдзе зь бяды.
14. Ад плоду вуснаў сваіх чалавек насычаецца дабром, і плата чалавеку - паводле дзеяў рук ягоных.
15. Дарога немысьля простая ў вачах ягоных; а хто слухае рады, той мудры.
16. У немысьля адразу выяўляецца гнеў ягоны, а разумны тоіць абразу.
17. Хто кажа тое, што ведае, той кажа праўду: а ў сьведкі ілжывага - ашуканства.
18. Сёй-той пустаслоў б'е як мечам, а язык мудрых - ацаляе.
19. Вусны праўдзівыя вечна жывуць, а ілжывы язык - хвіліну.
20. Хітрына - у сэрцы ў зламысьнікаў, радасьць - у міратворцаў.
21. Ня станецца праведніку ніякага ліха, а бязбожныя будуць напоўнены злом.
22. Агіда Госпаду - вусны ілжывыя, а хто гаворыць праўду, даспадобы Яму.

Пасланьне да Габрэяў 12.1-10

1. Таму і мы, маючы вакол сябе такую хмару сьведкаў, скінем зь сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі,
2. гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.
3. Падумайце пра Таго, Хто перацерпеў такі над Сабою глум ад грэшнікаў, каб вам не зьнемагчы і не паслабіцца душамі вашымі.
4. Вы яшчэ не да крыві змагаліся, адольваючы грэх,
5. і забылі суцяшэньне, якое прапануецца вам, як сынам: «Сыне мой! не пагрэбуй караю Гасподняй і не маркоціся, калі Ён выкрывае цябе.
6. Бо Гасподзь, каго любіць, таго і карае; а б'е кожнага сына, якога прымае».
7. Калі вы прымаеце кару, дык Бог учыняе з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсьць які сын, якога б не караў бацька.
8. Калі ж застаяцеся без пакараньня, якое ўсім агульнае, дык вы - няпраўныя дзеці, а ня сыны.
9. Прытым, калі мы, караныя цялеснымі бацькамі нашымі, баяліся іх, дык ці ж не намнога больш павінны скарыцца Айцу духаў, каб жыць?
10. Тыя каралі нас самохаць на некалькі дзён; а Гэты - дзеля карысьці, каб мы мелі супольнасьць у сьвятасьці Ягонай.

Евангельле паводле Мацьвея 20.1-16

1. Бо Царства Нябеснае падобнае на гаспадара дома, які выйшаў на досьвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой.
2. І, згадзіўшы работніка па дынары ў дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.
3. І выйшаўшы каля трэйцяй гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы,
4. і ім сказаў: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, дам вам. Яны пайшлі.
5. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны, зрабіў тое самае.
6. А, выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: што вы тут стаіце цэлы дзень бяз працы?
7. Яны кажуць яму: ніхто не наняў нас. Ён кажа ім: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, атрымаеце.
8. А калі зьвечарэла, кажа гаспадар вінаградніка наглядчыку свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых.
9. І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары.
10. Тыя, што прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць; але атрымалі і яны па дынары.
11. І атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дома
12. і казалі: гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, і ты зраўняў іх з намі, амы ж перанесьлі цяготу дня і сьпёку.
13. А ён у адказ сказаў аднаму зь іх: дружа! я ня крыўджу цябе; ці ж не за дынар ты дамовіўся са мною?
14. вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць што і табе;
15. хіба я ня маю ўлады рабіць што хачу ў сваім? ці вока тваё зайздросьлівае ад таго, што я добры?
16. Так будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі; бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.