18. Сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэга, былі: Сім, Хам і Яфэт. А Хам быў бацька Ханаана. 19. Гэтыя трое былі сыны Ноевыя, і ад іх насялілася ўся зямля. 20. Ной пачаў урабляць зямлю і пасадзіў вінаграднік; 21. і выпіў ён віна, і ап’янеў, і ляжаў голы ў намёце сваім. 22. І бачыў Хам, бацька Ханаанаў, сарамату бацькі свайго і, выйшаўшы, расказаў двум братам сваім. 23. А Сім і Яфэт узялі вопратку, і паклаўшы яе на плечы свае, пайшлі адвярнуўшыся і накрылі галізну бацькі свайго; твары іх былі абернуты назад, і яны ня бачылі сараматы бацькі свайго. 24. Ной праспаўся ад віна свайго, і даведаўся, што зрабіў зь ім малодшы сын ягоны, 25. і сказаў: пракляты Ханаан; раб рабоў будзе ён у братоў сваіх. 26. Потым сказаў: дабраславёны Гасподзь Бог Сімаў; а Ханаан будзе рабом яму; 27. хай пашырыць Бог Яфэта, і хай уселіцца ён у намёты Сімавыя; а Ханаан будзе рабом яму. 28. І жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзясят гадоў. 29. А ўсяго дзён Ноевых было дзевяцьсот пяцьдзясят гадоў; і ён памёр. 1. Вось радавод сыноў Ноевых: Сіма, Хама і Яфэта. Пасьля патопу нарадзіліся ў іх дзеці.
Кніга Выслоўяў Саламонавых 12.23-13.9
23. Чалавек разважлівы ўтойвае веды, а сэрца немысьляў выказвае дурасьць. 24. Рука руплівая здабудзе ўладу, а гультайская пад данінай будзе. 25. Смутак на сэрцы падаўляе чалавека, а добрае слова разьвесяляе яго. 26. Праведнік паказвае блізкаму свайму дарогу, а дарога бязбожных уводзіць іх у згубу. 27. Гультай ня смажыць сваёй дзічыны; а чалавек руплівы мецьме каштоўны набытак. 28. На дарозе праўды - жыцьцё, і на сьцежцы яе няма сьмерці. 1. Мудры сын слухае бацькавых настаўленьняў; а насьмешнік ня слухае засьцярогаў. 2. Ад плоду вуснаў сваіх чалавек спажывае дабро, а душа здраднікаў закона - зло. 3. Хто захоўвае вусны свае, той захоўвае душу сваю, а хто шырока свой рот разьзяўляе, таму бяда. 4. Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца. 5. Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе. 6. Праўда ахоўвае беззаганнага ў дарозе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў. 7. Сёй-той выдае сябе за багатага, а ў яго нічога няма; другі сябе за беднага, а ў яго багацьця многа. 8. Багацьцем сваім чалавек адкупляе жыцьцё сваё, а бедны і пагрозы ня чуе. 9. Сьвятло праведных весела гарыць; а сьветач бязбожных тухне.