32. Вось плямёны сыноў Ноевых, паводле радаводу іхняга, у народах іхніх. Ад іх расьсяліліся народы па зямлі пасьля патопу. 1. На ўсёй зямлі была адна мова і адна гаворка. 2. Рушыўшы з усходу, яны знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там. 3. І сказалі адно аднаму: наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны. 4. І сказалі яны: збудуем сабе горад і вежу, вышынёю да нябёсаў, і зробім сабе імя, перш чым расьсеемся па ўлоньні ўсёй зямлі. 5. І сышоў Гасподзь паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны людзкія. 6. І сказаў Гасподзь: вось, адзін народ, і адна ў іх мова; і вось, што пачалі яны рабіць, і не адстануць ад таго, што задумалі рабіць; 7. сыдзем жа і зьмяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў гаворкі другога. 8. І расьсеяў іх Гасподзь адтуль па паверхні ўсёй зямлі; і яны перасталі будаваць горад. 9. Таму дадзена яму імя: Вавілон, бо там зьмяшаў Гасподзь мову ўсёй зямлі, і адтуль расьсеяў іх Гасподзь па ўсёй зямлі.
Кніга Выслоўяў Саламонавых 13.20-14.6
20. Хто сябруе з мудрым, будзе мудры; а хто сябруе зь неразумнымі, разбэсьціцца. 21. Грэшнікаў даганяе зло, а праведнікам дасца дабро. 22. Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшніка зьберагаецца праведнаму. 23. Шмат хлеба бывае і на палетку ў бедных; але маёмасьць гіне ад бяспраўя. 24. Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына; а хто любіць, той змалку карае яго. 25. Праведнік есьць да сытасьці, а жывот бязбожных церпіць нястачы. 1. Мудрая жонка ўладкуе свой дом, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі. 2. Хто ідзе простаю дарогаю, баіцца Госпада; а чые дарогі крывыя, той ня дбае пра Яго. 3. У вуснах у немысьля - біч на яго ганарыстасьць; а вусны мудрых ахоўваюць самыя сябе. 4. Дзе няма валоў, там - ясьлі пустыя; а багата ж прыбытку ад сілы валоў. 5. Верны сьведка ня хлусіць, а ілжу пашырае сьведка ілжывы. 6. Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць; а разумны лёгка набывае веды.