38. А Пётр сказаў ім: пакайцеся, і хай ахрысьціцца кожны з вас у імя Ісуса Хрыста на дараваньне грахоў, - і атрымаеце дар Сьвятога Духа; 39. бо вам належыць абяцаньне і дзецям вашым і ўсім далёкім, каго толькі пакліча Гасподзь Бог наш. 40. Ды многімі іншымі словамі ён сьведчыў і ўмаўляў, кажучы: ратуйцеся ад роду гэтага распуснага, упарцістага. 41. І вось тыя, якія прыхільна прынялі слова ягонае, ахрысьціліся, і далучылася таго дня душ каля трох тысяч; 42. і яны ўвесь час заставаліся ў навуцы апосталаў, у абыходзе і ў ламаньні хлеба і ў малітвах. 43. І быў страх у кожнай душы; і многа цудаў і азнакаў чынілася праз апосталаў у Ерусаліме.
Евангельле паводле Яна 3.1-15
1. Сярод фарысэяў быў нехта, імем Мікадым, адзін з начальнікаў Юдэйскіх; 2. ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Равьві! мы ведаем, што Ты - Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога; бо такіх цудаў, якія Ты творыш, ніхто ня можа тварыць, калі ня будзе зь ім Бога. 3. Ісус сказаў яму ў адказ: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца згары, ня можа ўбачыць Царства Божага. 4. Мікадым кажа Яму: як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? няўжо ён можа другі раз увайсьці ў лона маці сваёй і нарадзіцца? 5. Ісус адказваў: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца ад вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Божае: 6. народжанае ад плоці ёсьць плоць, а народжанае ад Духа ёсьць дух. 7. Ня зьдзіўляйся таму, што Я сказаў табе: трэба вам нарадзіцца згары. 8. Дух дыхае, дзе хоча, і голас ягоны чуеш, а ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды сыходзіць: так бывае з кожным, народжаным ад Духа. 9. Мікадым сказаў Яму ў адказ: як гэта можа быць? 10. Ісус адказваў і сказаў яму: ты - настаўнік Ізраілеў, і няўжо гэтага ня ведаеш? 11. Праўду, праўду кажу табе: мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, а вы сьведчаньня нашага не прыймаеце; 12. Калі Я сказаў вам пра зямное, і вы ня верыце, - як паверыце, калі буду казаць вам пра нябеснае? 13. Ніхто не ўзыходзіў на неба, адзін толькі Сын Чалавечы, Які сыйшоў зь нябёсаў, сутны на нябёсах; 14. і як Майсей падняў зьмяю ў пустыні, так мае быць падняты Сын Чалавечы, 15. каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае.