1. Пасьля таго зноў зьявіўся Ісус вучням Сваім пры моры Тыверыядскім. А зьявіўся так: 2. былі разам Сымон Пётр, і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галілейскай, і сыны Зевядзеевыя, і двое іншых з вучняў Ягоных. 3. Сымон Пётр кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Пайшлі, і адразу ўвайшлі ў лодку, і не злавілі ў тую ноч нічога. 4. А як ужо разьвіднела, Ісус стаяў на беразе; але вучні не пазналі, што гэта Ісус. 5. Ісус кажа ім: дзеці! ці ёсьць у вас ежа якая? Яны адказалі Яму: няма. 6. А Ён сказаў ім: закіньце нерат па правы бок лодкі, і зловіце. Яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць нерат ад мноства рыбы. 7. Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: гэта Гасподзь. А Сымон Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апаясаўся шатай, - бо ён быў голы, - і кінуўся ў мора; 8. а іншыя вучні прыплылі ў лодцы, - бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля дзьвюхсот, - цягнучы нерат з рыбаю. 9. А калі выйшлі на зямлю, бачаць раскладзенае вогнішча і на ім ляжыць рыба і хлеб. 10. Ісус кажа ім: прынясеце рыбы, якое вы цяпер налавілі. 11. Сымон Пётр пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат зь вялікімі рыбінамі, якіх было сто пяцьдзясят тры; і пры мностве такім не парвалася сетка. 12. Ісус кажа ім: прыйдзеце, абедайце. З вучняў жа ніхто не адважыўся папытацца ў Яго: хто Ты?, ведаючы, што гэта Гасподзь. 13. Ісус прыходзіць, бярэ хлеб і дае ім, гэтак сама і рыбу. 14. Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрэсеньня Свайго зь мёртвых.
Дзеі Апосталаў 20.16-18, 28-36
16. бо Паўлу надумалася абмінуць Эфэс, каб не замарудзіцца яму ў Асіі, таму што ён сьпяшаўся, калі можна, у дзень Пяцідзясятніцы быць у Ерусаліме. 17. А зь Міліта паслаўшы ў Эфэс, ён заклікаў прасьвітараў царквы, 18. і, калі яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: вы ведаеце, як я зь першага дня, калі прыйшоў у Асію, увесь час быў з вамі, [...] 28. Дык вось, пільнуйце сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас ахавальнікамі, пасьвіць Царкву Госпада і Бога, якую Ён здабыў Сабе Крывёю Сваёю. 29. Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго ўвойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не шкадуюць статку; 30. і з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць навыварат, каб павесьці вучняў за сабою. 31. Таму чувайце, памятаючы, што я тры гады дзень і ноч бесьперастанку са сьлязьмі вучыў кожнага з вас. 32. І сёньня даручаю вас, браты, Богу і слову мілаты Ягонай, Які можа станавіць вас болей і даць вам спадчыну з усімі асьвечанымі. 33. Ні срэбра, ні золата, ні ўбраньня я ні ад кога не зажадаў: 34. самі ведаеце, што патрэбам маім і патрэбам тых, што былі са мною, паслужылі рукі мае гэтыя. 35. Ва ўсім паказаў я вам, што, працуючы, трэба падтрымліваць слабых і памятаць словы Госпада Ісуса, бо Ён Сам сказаў: «больш дабрашчасна - даваць, чым браць». 36. Сказаўшы гэта, ён стаў на калені свае і з усімі імі памаліўся.
Евангельле паводле Яна 17.1-13
1. Пасьля гэтых словаў Ісус узьвёў вочы Свае да неба і сказаў: Войча! прыйшла гадзіна: праславі Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе, 2. бо Ты даў Яму ўладу над усякаю плоцьцю, каб усяму, што Ты даў Яму, даў Ён жыцьцё вечнае: 3. а гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб спазналі Цябе, адзінага, сапраўднага Бога, і пасланага Табою Ісуса Хрыста. 4. Я праславіў Цябе на зямлі, выканаўшы ўсё, што Ты даручыў Мне зрабіць; 5. І сёньня праславі Мяне Ты, Войча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе раней стварэньня сьвету. 6. Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; яны былі Твае, і Ты даў іх Мне, і яны выканалі слова Тваё; 7. цяпер уразумелі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе ёсьць; 8. бо словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі і ўразумелі ў праўдзе, што Я зыйшоў ад Цябе, і ўверавалі, што Ты паслаў Мяне. 9. Я малю за іх: не за ўвесь сьвет малю, а за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае; 10. і ўсё Маё - Тваё, і Тваё - Маё; і Я праславіўся ў іх. 11. Я ўжо ня ў сьвеце, а яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Войча Сьвяты! аслані іх у імя Тваё, тых, каго Ты Мне даў, каб яны былі адзіныя як і Мы. 12. Калі Я быў зь імі ў сьвеце, Я асланяў іх у імя Тваё; тых, каго Ты даў Мне, Я захаваў, і ніхто зь іх не загінуў, апрача сына пагібелі, каб збылося Пісаньне. 13. А цяпер да Цябе іду, і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі ў сабе радасьць Маю поўную.