19. У той самы першы дзень тыдня ўвечары, калі дзьверы дома, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнутыя з апасеньня перад Юдэямі, прыйшоў Ісус і стаў пасярод, і кажа ім: мір вам! 20. Сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі і ногі і рэбры Свае. Вучні ўзрадаваліся, убачыўшы Госпада. 21. А Ісус сказаў ім другі раз: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. 22. Сказаўшы гэта, дзьмухнуў, і кажа ім: прымеце Духа Сьвятога: 23. каму даруеце грахі, таму даруюцца: на кім пакінеце, на тым застануцца.
Дзеі Апосталаў 2.1-11
1. Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе яны былі аднадушна разам. 2. І раптам зрабіўся шум зь неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны былі. 3. І зьявіліся ім языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусьціліся па адным на кожнага зь іх. 4. І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць. 5. А ў Ерусаліме былі Юдэі, людзі набожныя, з усякага народу пад нябёсамі. 6. Калі зрабіўся гэты шум, сабраліся людзі, і захваляваліся, бо кожны чуў іх, што гавораць на ягонай мове. 7. І ўсе зьдзіўляліся і дзівавалі, кажучы паміж сабою: гэтыя, што гавораць, ці ня ўсе Галілеяне? 8. Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся, 9. Парфяне і Мідзяне і Эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Асіі, 10. Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, што мяжуюцца з Кірынеяй, і прышлыя з Рыма, Юдэі і празеліты*, 11. Крыцяне і Аравіцяне, - чуем іх, як гавораць нашымі мовамі пра вялікія дзеі Божыя?
Евангельле паводле Яна 7.37-52, 8.12
37. У апошні ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: хто прагне, ідзі да Мяне і пі; 38. хто веруе ў Мяне, у таго, як сказана ў Пісаньні, «з чэрава пацякуць рэкі вады жывое». 39. Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, што верылі ў Яго: бо яшчэ ня было на іх Духа Сьвятога, бо Ісус яшчэ ня быў праслаўлены. 40. Многія людзі, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Ён сапраўды прарок. 41. Другія казалі: гэта Хрыстос. А іншыя казалі: хіба з Галілеі Хрыстос прыйдзе? 42. ці ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе ад насеньня Давідавага і зь Віфляема, з таго месца, адкуль быў Давід? 43. І вось адбылася наконт Яго спрэчка ў народзе. 44. Некаторыя зь іх хацелі схапіць Яго; але ніхто не наклаў на Яго рук. 45. І вось служкі вярнуліся да першасьвятароў і фарысэяў, і гэтыя сказалі ім: чаму вы не прывялі яго? 46. Служкі адказвалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек. 47. Фарысэі сказалі ім: няўжо і вы ўведзены ў зман? 48. ці паверыў у Яго хто з начальнікаў, альбо з фарысэяў? 49. але гэты народ невук у законе, пракляты ён. 50. Мікадым, які прыходзіў да Яго ўначы, будучы адным зь іх, кажа ім: 51. ці судзіць закон наш чалавека, калі папярэдне ня выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць? 52. На гэта сказалі яму: і ты ці не з Галілеі? паглядзі, і ўбачыш, што з Галілеі ня прыходзіць прарок. [...] 12. Зноў прамаўляў Ісус да людзей і сказаў ім: Я - сьвятло сьвету; хто пойдзе сьледам за Мною, той ня будзе блукаць у цемры, а будзе мець сьвятло жыцьця.