Памер шрыфту
Чытаньне за 10 чэрвеня 2019:


Пасланьне да Эфэсянаў 5.9-19

9. бо плод Духа - ва ўсякай даброці, праведнасьці і ісьціне.
10. Шукайце таго, што да спадобы Богу,
11. і не бярэце ўдзелу ў бясплённых дзеях цемры, а яшчэ і выкрывайце,
12. бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і казаць.
13. А ўсё, што выкрываецца, выяўляецца ў сьвятле, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло.
14. Таму сказана: «устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьветліць цябе Хрыстос!».
15. Дык глядзеце, дзейце асьцярожна, не як неразумныя, а як мудрыя,
16. цэнячы дорага час, бо дні - ліхія.
17. Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая.
18. І не ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам,
19. настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,

Евангельле паводле Яна 18.10-20

10. А Сымон Пётр, маючы меч, дастаў яго, і ударыў першасьвятаровага раба, і адсек яму правае вуха: імя раба было Малх.
11. Але Ісус сказаў Пятру: укладзі меч у похвы; няўжо Мне ня піць чары, якую даў Мне Айцец?
12. Тады воіны і тысячнік і служкі Юдэйскія ўзялі Ісуса, і зьвязалі Яго,
13. і завялі Яго спачатку да Анны; бо ён быў цесьцем Каяфы, які быў на той год першасьвятаром:
14. гэта быў Каяфа, які даў параду Юдэям, што лепш аднаму чалавеку памерці за народ.
15. За Ісусам сьледам ішлі Сымон Пётр і другі вучань: вучань жа гэты быў знаёмы першасьвятару і ўвайшоў зь Ісусам у двор першасьвятароў:
16. А Пётр стаяў звонку за дзьвярыма. Потым другі вучань, які быў знаёмы першасьвятару, выйшаў і сказаў брамніцы, і ўвёў Пятру.
17. Тут рабыня-брамніца кажа Пятру: і ты ці ня з вучняў Гэтага Чалавека? Ён сказаў: не.
18. Тым часам рабы і служкі, расклаўшы агонь, таму што было золка, стаялі і грэліся; Пётр таксама стаяў зь імі і грэўся.
19. А першасьвятар спытаўся ў Ісуса пра вучняў Ягоных і пра вучэньне Ягонае.
20. Ісус адказваў яму: Я гаварыў адкрыта сьвету; Я заўсёды вучыў у сынагозе і ў храме, дзе заўсёды Юдэі сыходзяцца, і тайна не казаў нічога;