28. Бо ня той Юдэй, хто такі з выгляду, і ня тое абразаньне, якое вонкавае, на плоці; 29. а той Юдэй, хто ўнутрана такі, і тое абразаньне, якое ў сэрцы паводле Духа, а не паводле літары: яму і пахвала не ад людзей, а ад Бога. 1. Дык вось, у чым жа перавага быць Юдэем, альбо якая карысьць ад абразаньня? 2. Вялікая, ва ўсіх праявах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае. 3. Бо што ж? калі некаторыя ня верылі, хіба ж няверства іхняе зьнішчыць вернасьць Божую? 4. Зусім не. Бог верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Ты праведны ў словах Тваіх і пераможаш, у судзе Тваім». 5. А калі нашая няпраўда выяўляе праўду Божую, дык што скажам? няўжо будзе Бог несправядлівы, калі паказвае гнеў? - кажу, па-чалавечы разважаючы. 6. Зусім не. Бо як жа тады Богу судзіць сьвет? 7. Бо, калі вернасьць Божая ўзвышаецца маёю нявернасьцю на славу Божую, завошта яшчэ мяне ж судзіць, як грэшніка? 8. І ці ж не рабіць нам зло, каб выйшла на дабро, як некаторыя ўпікаюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Справядлівы суд на такіх. 9. Дык што ж? ці маем мы перавагу? Зусім не; бо мы ўжо даказалі, што як Юдэі, так і Эліны, усе пад грэхам, 10. як напісана: «няма праведнага аніводнага; 11. няма, хто разумеў бы; няма, хто Бога шукаў бы; 12. усе зьбіліся з тропу, нягодныя сталіся ўсе: няма, хто тварыў бы дабро, няма аніводнага». 13. Горла іхняе - дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком; атрута асьпідаў у іх на губах; 14. вусны ў іх поўныя ліхаслоўя і горычы. 15. Ногі ў іх борздыя на праліваньне крыві; 16. разбурэньне і згубнасьць на іхніх дарогах; 17. яны ня ведаюць шляхоў міру. 18. Няма страху Божага перад вачамі ў іх».
Евангельле паводле Мацьвея 6.31-34, 7.9-11
31. Дык вось, ня турбуйцеся і не кажэце: «што нам есьці?» альбо: «што піць?» альбо: «у што апрануцца?». 32. Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. 33. Шукайце ж найперш Царства Божага і праведнасьці Ягонай, і гэта ўсё дадасца вам. 34. Дык вось, ня турбуйцеся заўтрашнім днём, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату. [...] 9. Ці ёсьць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму? 10. і калі рыбы папросіць, зьмяю падаў бы яму? 11. Дык вось, калі вы, ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым болей Айцец ваш, Які ёсьць у нябёсах, дасьць даброты тым, хто просіць у Яго.