10. Бо калі мы, будучы ворагамі, прымірыліся з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык тым болей, прымірыўшыся, уратуемся жыцьцём Ягоным; 11. і мала таго, але і хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, празь Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне. 12. А таму, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх - сьмерць, так і сьмерць перайшла ва ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі. 13. Бо і да закона грэх быў у сьвеце; але грэх не залічваецца, калі няма закона. 14. Аднак жа сьмерць панавала ад Адама да Майсея і над тымі, якія не зграшылі падобна правіннасьці Адама, які ёсьць вобраз будучага, 15. але дар мілаты ня як правіна. Бо праз правіну аднаго памерлі многія, дык тым больш мілата Божая і дар празь мілату аднаго Чалавека, Ісуса Хрыста, шчодра красуюць для многіх. 16. І дар ня як суд за аднаго грэшніка; бо суд за адну правіну прыносіць асуду, а дар мілаты за многія правіны - апраўданьне.
Евангельле паводле Мацьвея 8.23-27
23. І калі ўвайшоў Ён у лодку, увайшлі за Ім вучні Ягоныя. 24. І вось, бура вялікая сталася на моры, ажно лодку захліствалі хвалі; а Ён спаў. 25. І вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, разбудзілі Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас, гінем. 26. І кажа ім: чаго вы спалохаліся, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася ціша вялікая. 27. А людзі, дзівуючыся, казалі: хто Гэты, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?