1. Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці - намасьціць Яго. 2. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца, 3. і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй? 4. І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі. 5. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся. 6. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены. 7. Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам. 8. І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
Пасланьне да Рымлянаў 2.10-16
10. Наадварот жа, слава і гонар і мір кожнаму, хто робіць добрае: першаму Юдэю, потым і Эліну! 11. Бо няма прывабы да асобы ў Бога. 12. Тыя, што без закона зграшылі, без закона і загінуць; а тыя, якія ў законе зграшылі, паводле закона прымуць суд, 13. бо не слухачы закона праведныя перад Богам, а выканаўцы закона апраўданы будуць; 14. бо, калі язычнікі, ня маючы закона, ад прыроды законнае робяць, дык, ня маючы закона, яны самі сабе закон: 15. яны паказваюць, што дзеі закона ў іх напісаны ў сэрцах, пра што сьведчыць сумленьне іхняе і думкі іхнія, якія то вінавацяць, то апраўдваюць адна адну, 16. у дзень, калі паводле зьвеставаньня майго, Бог будзе судзіць таемныя дзеі людзей празь Ісуса Хрыста.
Евангельле паводле Мацьвея 4.18-23
18. А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў: Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі. 19. І кажа ім: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. 20. І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім. 21. Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў, Якава Завядзеевага і Яна, брата ягонага, у лодцы з Завядзеем, бацькам іхнім, якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх. 22. І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім. 23. І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.