2. бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закона грэху і сьмерці. 3. Як закон, аслаблены плоцьцю, быў бясьсільны, дык Бог паслаў Сына Свайго ў падабенстве плоці грахоўнай у ахвяру за грэх, і асудзіў грэх у плоці, 4. каб апраўданьне закона спраўдзілася ў нас, хто не паводле плоці жыве, а паводле Духа. 5. Бо, хто жыве паводле плоці, пра плоцкае думае, а хто жыве паводле Духа - пра духоўнае. 6. Помыслы плоцкія - сьмерць, а помыслы Духа - жыцьцё і мір, 7. бо помыслы плоці - гэта варожасьць да Бога; бо закону Божаму не ўпакорваюцца, ды і ня могуць. 8. А таму тыя, што жывуць паводле плоці, Богу дагадзіць ня могуць. 9. Але вы не паводле плоці жывяце, а паводле Духа, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той не Ягоны. 10. А калі Хрыстос у вас, дык цела мёртвае для грэху, а дух жывы для праведнасьці. 11. Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса, жыве ў вас, дык Той, хто ўваскрэсіў Хрыста зь мёртвых, ажывіць і вашыя сьмяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас. 12. Дык вось, браты, мы не даўжнікі плоці, каб жыць паводле плоці; 13. бо, калі жывяце паводле плоці, дык памраце, а калі Духам нішчыце ўчынкі плоцкія, жыць будзеце;
Евангельле паводле Мацьвея 10.16-22
16. Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы. 17. Сьцеражэцеся ж людзей: бо яны аддаваць будуць вас у судзілішчы і ў сынагогах сваіх біць будуць вас, 18. і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне на сьведчаньне перад імі і язычнікамі. 19. Калі ж будуць выдаваць вас, ня турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць; 20. бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас. 21. І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька - сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх; 22. і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе.