18. Дык вось, каго хоча, мілуе; а каго хоча, робіць жорсткім. 19. Ты скажаш мне: за што ж яшчэ дакарае? Бо хто ўсупрацівіцца волі Ягонай? 20. А ты хто, чалавеча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа творыва творцу: навошта ты мяне так зрабіў? 21. Ці ж ня мае ганчар улады над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адзін посуд на ганаровае ўжываньне, а другі - на буднае? 22. Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і явіць магутнасьць Сваю, зь вялікай і доўгай цярплівасьцю пераносіў сасуды гневу, угатаваныя на пагібель, 23. каб разам выявіць багацьце славы Сваёй над посудамі міласэрнасьці, якія Ён падрыхтаваў для славы, - 24. над намі, каго Ён паклікаў ня толькі зь Юдэяў, але і зь язычнікаў? 25. Як і ў Асіі кажа: «ня Мой народ назаву Маім народам, і не каханую каханаю». 26. І на тым месцы, дзе сказана ім: «вы ня Мой народ, там названыя будуць сынамі Бога жывога». 27. А Ісая ўсклікае пра Ізраіля: «хай хоць будуць сыны Ізраіля лікам, як пясок марскі, толькі рэшта ўратуецца; 28. бо дзею заканчвае і скора вырашыць па праўдзе, дзею рашучую ўчыніць Гасподзь на зямлі» 29. і як прадказаў Ісая: «калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам семені, мы зрабіліся б, як Садома, і былі б падобныя да Гаморы». 30. Што ж скажам? Што язычнікі, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад веры; 31. а Ізраіль, які шукаў закона праведнасьці, не дайшоў да закона праведнасьці. 32. Чаму? Таму, што шукалі ня ў веры, а ў дзеях закона; бо спатыкнуліся аб камень спатыкненьня, 33. як напісана: «вось, кладу ў Сыёне камень спатыкненьня і скалу панады; і хто верыць у Яго, не пасароміцца».
Евангельле паводле Мацьвея 11.2-15
2. А Ян, пачуўшы ў цямніцы пра дзеі Хрыстовыя, паслаў двух вучняў сваіх 3. сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога? 4. І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што чуеце і бачыце: 5. сьляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогія зьвястуюць, 6. і дабрашчасны той, хто не спакусіцца празь Мяне. 7. Калі ж пайшлі яны, Ісус пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую? 8. Што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? тыя, што носяць мяккія шаты, жывуць у харомах царскіх. 9. Што ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым прарока. 10. Бо ён той, пра якога напісана: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою». 11. Праўду кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Нябесным большы за яго. 12. Ад дзён жа Яна Хрысьціцеля да сёньня Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і тыя, што руплівасьць ужываюць, здабываюць яго; 13. бо ўсе прарокі і закон прадвясьцілі да Яна. 14. І калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, які мае прыйсьці. 15. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.