2. Не адкінуў Бог народу Свайго, які Ён наперад ведаў. Хіба ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю? Як ён скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы: 3. «Госпадзе! прарокаў Тваіх забілі, ахвярнікі Твае зруйнавалі; застаўся я адзін, і маёй душы шукаюць». 4. Што ж кажа яму (Божы) адказ? «Я захаваў Сабе сем тысяч чалавек, якія ня схілілі каленяў перад Ваалам». 5. Так і ў сёньняшні час, пасьля выбраньня мілаты, захавалася рэшта. 6. Але, калі паводле мілаты, дык не паводле дзеяў; інакш мілата ня была б ужо мілатою. А калі паводле дзеяў, дык гэта ўжо не мілата; інакш дзея ня ёсьць ужо дзея. 7. А што? Ізраіль, чаго шукае, таго не атрымаў; а выбраныя атрымалі, а астатнія ажарсьцьвелі, 8. як напісана: «Бог даў ім дух усыпленьня, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, аж да гэтага дня». 9. І Давід кажа: «хай будзе трапеза іхняй сеткай, цянётамі і пятлёю на расплату ім; 10. хай запамрочацца іхнія вочы, каб ня бачылі, і хрыбет іхні хай сагнецца назаўсёды». 11. І вось, я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся, каб зусім упасьці? Зусім не! Але ад іхняга падзеньня выратаваньне язычнікам, каб абудзіць у іх рупнасьць. 12. Калі ж падзеньне іхняе - багацьце сьвету, і зьмізарненьне іхняе - багацьце язычнікам, дык тым большая паўната іхняя.
Евангельле паводле Мацьвея 11.20-26
20. Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш праявіліся сілы Яго, бо яны не пакаяліся. 21. Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны ў вярэце і ў попеле пакаяліся; 22. але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень судны, чым вам. 23. І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся; бо калі б у Садоме явіліся сілы, яўленыя ў табе, дык ён прастаяў бы па сёньняшні дзень; 24. але кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, чым табе. 25. Тым часам, далей прамаўляючы, Ісус сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў тое дзецям; 26. так, Войча! бо такое было Тваё ўпадабаньне.