Памер шрыфту
Чытаньне за 1 ліпеня 2020:


Пасланьне да Рымлянаў 15.7-16

7. Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас на славу Божую.
8. Разумею тое, што Ісус Хрыстос зрабіўся слугою абрэзаных - дзеля ісьціны Божай, каб выканаць абяцанае бацькам,
9. а язычнікам - зь літасьці, каб славілі Бога, як напісана: «за тое буду славіць Цябе, (Госпадзе), сярод язычнікаў і буду сьпяваць імені Твайму».
10. І яшчэ сказана: «узьвесялецеся, язычнікі, з народам Ягоным».
11. І яшчэ: «хвалеце Госпада, усе язычнікі, і праслаўляйце Яго, усе народы».
12. Ісая таксама кажа: «будзе корань Есэеў, і паўстане валодаць народамі; на Яго язычнікі спадзявацца будуць».
13. А Бог надзеі хай напоўніць вас усякай радасьцю і мірам у веры, каб вы, сілаю Духа Сьвятога, узбагаціліся надзеяю.
14. І сам я пэўны за вас, браты мае, што і вы поўныя даброці, поўныя ўсякага веданьня і можаце настаўляць адно аднаго;
15. але пісаў вам, браты, з пэўнай адвагаю, часткова як бы ў напамін вам, паводле дадзенай мне ад Бога мілаты
16. быць слугою Ісуса Хрыста ў язычнікаў і выконваць сьвятую службу зьвеставаньня Божага, каб гэтае прынашэньне язычнікаў, асьвечанае Духам Сьвятым, было спадобнае Богу.

Евангельле паводле Мацьвея 12.22-30

22. Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сьляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.
23. І зьдзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці ня гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
24. А фарысэі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяў дэманаў няйначай, як Вэльзэвулам, князем дэманскім.
25. Але Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее; і ўсякі горад альбо дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць.
26. І калі сатана сатану выганяе, дык ён разьдзяліўся сам у сабе, як жа ўстоіць царства ягонае?
27. І калі Я Вэльзэвулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам судзьдзямі будуць.
28. Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае.
29. Альбо, як можа хто ўвайсьці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі сьпярша ня зьвяжа дужага і тады дом яго зрабуе?
30. Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.