12. Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася. 13. У той самы дзень двое зь іх ішлі ў селішча, што адлягала стадый на шэсьцьдзясят ад Ерусаліма, называнае імаус. 14. і размаўлялі паміж сабою пра ўсе гэтыя падзеі. 15. І калі яны размаўлялі і разважалі паміж сабою, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў зь імі; 16. але вочы ў іх былі заслоненыя, так што яны не пазналі Яго. 17. І Ён сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы, разважаеце паміж сабою, і чаго вы засмучаныя? 18. Адзін зь іх, на імя Клеопа, сказаў Яму ў адказ: няўжо ты адзін з тых, што прыйшлі ў Ерусалім, ня ведаеш, што адбылося ў ім гэтымі днямі? 19. І сказаў ім: штоо Яны сказалі Яму: што было зь Ісусам Назаранінам, Які быў прарок, моцны ў дзеі і ў слове перад Богам і ўсім народам; 20. як выдалі яго першасьвятары і начальнікі нашыя на засуджэньне на сьмерць і ўкрыжавалі Яго; 21. а мы спадзяваліся былі, што Ён ёсьць Той, Хто павінен уратаваць Ізраіля; але разам з усім тым, ужо трэйці дзень сёньня, як гэта сталася; 22. але і некаторыя жанчыны з нашых падзівілі нас: яны былі раніцай каля магілы 23. і не знайшлі Цела Ягонага, і прыйшоўшы, маўлялі, што бачылі зьяўленьне анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы; 24. і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і засталі ўсё так, як і жанчыны казалі; але Яго ня бачылі. 25. Тады Ён сказаў ім: о, няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што прадказвалі прарокі! 26. Ці ж ня так і належала пацярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю? 27. І пачаўшы ад Майсея, з усіх прарокаў тлумачыў ім сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні. 28. І наблізіліся яны да таго селішча, у якое ішлі; і Ён паказаў ім выглядам, што хоча ісьці далей; 29. але яны стрымлівалі яго, кажучы: застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся на вечар. І Ён увайшоў і застаўся зь імі. 30. І калі Ён узьляжаў зь імі, дык, узяўшы хлеб, дабраславіў, пераламаў і падаў ім, 31. тады разамкнуліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён зрабіўся нябачны ім. 32. І яны сказалі адзін аднаму: ці ж не палала ў нас сэрца наша, калі Ён казаў нам на дарозе і калі тлумачыў нам Пісаньне? 33. І ўстаўшы ў тую самую хвіліну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам адзінаццаць апосталаў і тых, што былі зь імі, 34. якія казалі, што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і зьявіўся Сымону. 35. І яны расказвалі пра здарэньне на дарозе, і як Ён быў пазнаны імі пры ламаньні хлеба.
Пасланьне да Рымлянаў 10.1-10
1. Браты! упадабаньне майго сэрца і малітва да Бога за Ізраіля на збавеньне. 2. Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, а не паводле розуму. 3. Бо, не разумеючы Божай праведнасьці і імкнучыся паставіць сваю праведнасьць, яны не скарыліся праведнасьці Божай; 4. бо канец закона - Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму веруючаму. 5. Майсей піша пра праведнасьць ад закона: «чалавек, які яго выконвае, жыць будзе ім». 6. А праведнасьць ад веры так кажа: «не кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыдзе на неба?» - каб Хрыста зьвесьці; 7. альбо: «хто сыдзе ў бездань?» - каб Хрыста зь мёртвых узьвесьці. 8. А што кажа Пісаньне? «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім» - слова веры, якое прапаведуем. 9. Бо калі вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса за Госпада і сэрцам тваім верыць, што Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых, ты выратуешся; 10. бо сэрцам вераць дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнаюць на збавеньне.
Евангельле паводле Мацьвея 8.28-9.1
28. І калі прыплыў Ён на другі бераг у краіну Гергесінскую, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магіл*, двое апанаваных дэманамі, вельмі лютыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю. 29. І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Ісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дачасна мучыць нас. 30. А зводдаль ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней. 31. І дэманы прасіліся ў Яго: калі выганіш нас, дык пашлі нас у гурт сьвіней. 32. І Ён сказаў ім: ідзеце. І выйшлі яны, і пайшлі ў гурт сьвіней. І вось, кінуўся ўвесь гурт сьвіны з урвішча ў мора і загінуў у вадзе. 33. А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, і пра апанаваных дэманамі. 34. І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Ісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў. * Зь пячораў, дзе хавалі нябожчыкаў 1. І Ён, увайшоўшы ў лодку, пераплыў у Свой горад.