17. Малю вас, браты, асьцерагайцеся тых, што спрычыняюць падзелы і звады, насуперак вучэньню, якога вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх; 18. бо такія людзі служаць ня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, а свайму чэраву, і лісьлівасьцю ды красамоўствам ачмураюць сэрцы прастадушных. 19. Ваша пакора веры ўсім вядомая; таму я радуюся за вас, але жадаю, каб вы былі мудрыя на дабро і бясхітрасныя на зло. 20. А Бог міру бразьне сатану пад ногі вашыя неўзабаве. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі! Амін. 21. Вітаюць вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Луцый, Ясон і Сасыпатр, родзічы мае. 22. Вітаю вас у Госпадзе і я Тэрцый, што пісаў гэта пасланьне. 23. Вітае вас Гаій, гасьцінны да мяне і ўсёй царквы. Вітае вас Эраст, гарадзкі скарбнік, і брат Кварт. 24. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
Евангельле паводле Мацьвея 13.10-23
10. І прыступіўшы, вучні сказалі Яму: чаму прытчамі гаворыш ім? 11. Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам дадзена ведаць таямніцы Царства Нябеснага, а ім ня дадзена; 12. бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае; 13. дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы ня бачаць, і чуючы ня чуюць, і не разумеюць; 14. і збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: «слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзець будзеце, і ня ўбачыце; 15. агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае зьмежылі, каб ня ўгледзець вачыма, і вушыма не пачуць, і сэрцам не ўразумець, і ня зьвернуцца, каб Я ацаліў іх». 16. А вашы дабрашчасныя вочы, што бачаць; і вушы вашыя, што чуюць: 17. бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі. 18. Але ж вы пачуйце прытчу пра сейбіта: 19. да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхадзей і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным: вось каго азначае пасеянае пры дарозе. 20. А пасеянае на камяністых мясьцінах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасьцю прымае яго; 21. але ня мае кораня ў сабе і нясталы: калі настане ўціск альбо ганеньне за слова, адразу спакушаецца. 22. А пасеянае ў церне азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і панада багацьця заглушае слова, і яно стаецца бясплодным. 23. А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, які і плод прыносіць і дае адзін сто, другі шэсьцьдзясят, а той трыццаць.