39. І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў, 40. і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала Елісавету. 41. Калі Елісавета пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Елісавета напоўнілася Духам Сьвятым, 42. і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, ідабраславёны плод улоньня Твайго! 43. І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне? 44. Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім. 45. і дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада. 46. І сказала Марыя: праслаўляе душа Мая Госпада, 47. і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім, 48. што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды, 49. бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае, [...] 56. А Марыя прабыла зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой.
Пасланьне да Габрэяў 9.11-14
11. Але Хрыстос, Першасьвятар будучых дабротаў, прыйшоўшы з большай і дасканалейшай скініяй, нерукатворнаю, гэта значыць, не таго ўсталяваньня, 12. і ня з крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю; аднаго разу ўвайшоў у сьвяцілішча і набыў вечнае адкупленьне. 13. Бо, калі кроў цялят і казлоў і попел ялаўкі праз акрапленьне асьвячае апаганеных, каб чыстае было цела, 14. дык наколькі ж болей Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу жывому і Сапраўднаму!
Евангельле паводле Марка 10.32-45
32. Калі былі яны ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў паперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы сьледам за Ім, былі ў страху. Паклікаўшы дванаццаць, Ён зноў пачаў ім казаць пра тое, што будзе зь Ім: 33. вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго язычнікам; 34. і паглумяцца зь Яго, і біцьмуць Яго, і аплююць Яго, і заб’юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне. 35. Тады падышлі да Яго сыны Зевядзеевыя, Якаў і Ян, і сказалі: Настаўнік! мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім. 36. Ён сказаў ім: чаго хочаце, каб Я зрабіў вам? 37. Яны сказалі Яму: дай нам сесьці ў Цябе, аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе Тваёй. 38. Але Ісус сказаў ім: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я п’ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? 39. Яны адказвалі: можам. А Ісус сказаў ім: чару, якую Я п’ю, будзеце піць, іхрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца; 40. а даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч - не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана. 41. І пачуўшы, дзесяцёра пачалі абурацца Якавам і Янам. 42. А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхнія ўладараць над імі; 43. але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча быць большым між вамі, хай будзе вам слугою; 44. і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе ўсім рабом; 45. бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.
Пасланьне да Габрэяў 2.11-18
11. Бо, і Той, Хто асьвячае, і каго асьвячаюць, усе - ад Адзінага; таму ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы: 12. «абвяшчу Тваё імя братам Маім, сярод царквы апяю Цябе». 13. І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І яшчэ: «вось, Я і дзеці, якіх даў Мне Бог». 14. А як дзеці былі ўдзельнікамі цела і крыві, дык Ён таксама прыняў іх, каб сьмерцю пазбавіць сілы таго, хто меў уладу сьмерці, гэта значыцца - д’ябла, 15. і выратаваць тых, якія ад страху сьмерці праз усё жыцьцё былі ў рабстве. 16. Бо не ад анёлаў прыме Ён, а прыме семя Абрагамавае. 17. Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб быць міласэрным і верным Першасьвятаром прад Богам на ўмілажальваньне за грахі народу. 18. Бо, як сам Ён перацярпеў, быў спакушаны, дык можа памагчы і тым, каго спакушаюць.
Евангельле паводле Лукаша 1.24-38
24. Пасьля гэтых дзён зачала Елісавета, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала: 25. так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей. 26. А на шостым месяцы пасланы быў анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт, 27. да Дзевы, заручанай з мужам, імем Язэп, з дому Давідавага; а імя ў Дзевы: Марыя. 28. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын. 29. А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне. 30. І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога; 31. і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус; 32. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага; 33. і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца. 34. А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю? 35. Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым; 36. вось, і Елісавета, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ўстарасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц; 37. бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова. 38. Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл.