Памер шрыфту
Чытаньне вялебнаму(-ай):


Пасланьне да Габрэяў 13.7-16

7. Спамінайце настаўнікаў вашых, якія дабравесьцілі вам слова Божае, і, гледзячы на канец іхняга жыцьця, пераймайце іхнюю веру.
8. Ісус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы.
9. Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра мілатою мацаваць сэрцы, а ня прысмакамі, ад якіх не атрымалі карысьці тыя, што іх спажывалі.
10. Мы маем ахвярнік, зь якога ня маюць права карміцца слугі скініі.
11. Бо целы жывёлін, кроў зь якіх, на ачышчэньне грэху, уносіцца першасьвятаром у сьвяцілішча, спальваюцца за табарам, -
12. дык і Ісус, каб асьвяціць людзей Крывёю Сваёю, пацярпеў па-за брамаю.
13. Дык выйдзем жа да Яго за табар, нясучы Яго паганьбеньне;
14. бо ня маем тут сталага горада, а шукаем будучага.
15. Дык будзем жа празь Яго няспынна прыносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыцца, плод вуснаў, якія славяць імя Ягонае.
16. Не забывайце таксама дабрачыннасьці і шчырай супольнасьці, бо такія ахвяры падабаюцца Богу.

Евангельле паводле Мацьвея 11.27-30

27. Усё Мне перададзена Айцом Маім, і ніхто ня ведае Сына, толькі Айцец; і Айца ня ведае ніхто, толькі Сын, і каму Сын хоча адкрыць.
28. Прыйдзеце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас;
29. вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце спакой душам вашым;
30. бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі.